У Гродне за абразу Лукашэнкі судзяць былога старшыню яўрэйскай грамады
Судовае пасяджэнне па справе Рамана Смірнова прайшло 15 жніўня. Былому старшыні яўрэйскай грамады і дырэктару ТАА «Гродзенскае агенцтва нерухомасці» пагражае да чатырох гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі, піша Hrodna.life.
15.08.2024 / 18:55
Рамана Смірнова абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса — «Публічная абраза Лукашэнкі». Санкцыі артыкула прадугледжваюць штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне ці пазбаўленне волі да чатырох гадоў. Справу разглядаюць у судзе Гродзенскага раёна, суддзя — Станіслаў Пранько.
Рамана Смірнова затрымалі яшчэ ў красавіку. Прычынай сталі каментары на адрас службовых асоб і Аляксандра Лукашэнкі. Прапагандысты напісалі, што ён нібыта адпраўляў даныя ў тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і Nexta, уступіў у «План «Перамога». У 2020-м гродзенца затрымлівалі за ўдзел у мітынгу. Даныя мужчыны былі ў канале «Поступи по совести». Раман пісаў, што не будзе працаваць з міліцыянтамі.
Інфармацыю пра затрыманага не давалі нават сям'і, стала вядома Hrodna.life ад крыніцы, знаёмай з сітуацыяй. Раман Смірноў быў старшынёй яўрэйскай грамады прыкладна з 2020 года. Пасля ягонага затрымання стала зразумела, што ён вернецца не хутка, а старшыня быў патрэбны для вырашэння адміністрацыйных пытанняў. Рада грамады абрала новага кіраўніка.
З 2020 года грамада мінімізавала грамадскую актыўнасць і колькасць публічных мерапрыемстваў, такіх як канцэрты і выставы. Гэта звязана з пазіцыяй рабіна, падзялілася інфармацыяй крыніца выдання.
Затрымалі дырэктара гродзенскага агенцтва нерухомасці
Айцішніка Віталя Лазаровіча затрымалі за «негатыўныя каментары супраць грамадзян Расіі»
Маці блогеркі Вольгі Такарчук далі тры гады калоніі