Кракадзіл, якога нядаўна прадалі з аўкцыёну, застанецца жыць у Мінскім заапарку

Нільскі кракадзіл Дандзі, якога на аўкцыёне днямі купіў арганізатар азартных гульняў «Залаты фараон», працягне жыць у Мінскім заапарку. Пра гэта новы ўладальнік расказаў выданню Office Life.

15.08.2024 / 19:33

Цяпер кракадзіл Дандзі — «частка каманды» кампаніі, у яго з'явіўся свой рахунак на LinkedIn, і яму можна задаць пытанні.

«Ідэя ўзяць пад апеку экзатычную для Беларусі жывёліну прыйшла супрацоўнікам пасля таго, як у стужцы навін трапілася інфармацыя аб продажы кракадзіла. З'явілася жаданне зрабіць добрую справу і дапамагчы яму — выкупіць і пакінуць у Мінскім заапарку. Выгадаваны ён быў у няволі, у натуральнае асяроддзе яго ўжо не вярнуць. Таму мы гатовыя ўзяць на сябе абавязацельствы, каб падтрымліваць ягоны звыклы ўзровень жыцця і не падвяргаць лішняму стрэсу ў сувязі са зменай месца жыхарства», — расказалі ў кампаніі.

У Мінскім заапарку кракадзіла ласкава называюць Лёнчык. Тут ён жыве з сакавіка мінулага года. Яго прывезлі з тэрыторыі гарбарнага завода.

Як высветлілася, у кракадзіла складаны характар — можа шыпець, выказваючы незадаволенасць, рэзка разварочвацца.

Узрост 14 гадоў для рэптыліі лічыцца дастаткова маладым, паколькі некаторыя асобіны могуць жыць і да 150 гадоў! Даўжыня нільскага Лёні цяпер каля 3 метраў, але ў працэсе сталення ён можа выцягнуцца да 6 метраў, лічаць спецыялісты заапарка.

Лёня з задавальненнем есць курыцу, ялавічыну, цяляціну, печань, рыбу мінтай. Ласунак выбірае пад настрой і за адзін раз можа з'ядаць каля 1 кг ежы.

Жыве Лёнчык адзін, у вальеры, дзе створаныя ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання: можна купацца ў басейне, грэцца пад лямпамі з ультрафіялетам.

Паколькі гэта нільскі від кракадзіла, аб'ядноўваць яго з кракадзілавымі кайманамі, якія таксама знаходзяцца ў Мінскім заапарку, нельга. Такія драпежнікі могуць праяўляць адзін да аднаго агрэсію.

Здаравеннага кракадзіла такі прадалі ў Мінску з таргоў

У Мінску не змаглі прадаць з аўкцыёну 14-гадовага кракадзіла

У Мінску выставілі на аўкцыён жывога кракадзіла

Nashaniva.com