У ЗША правялі ператрус у доме вядучага прапагандысцкага шоу на расійскім тэлебачанні
Амаль 50 гадоў савецкі эмігрант Дзмітрый Саймс пражыў у ЗША, але цяпер вярнуўся ў Расію, каб апраўдваць агрэсію Уладзіміра Пуціна.
16.08.2024 / 07:32
Дзмітрый Саймс. Фота з фэйсбука расійскага Першага канала
У штаце Вірджынія ФБР правяло ператрус у доме амерыканска-расійскага тэлежурналіста Дзмітрыя Саймса. Прычыны невядомыя. Сам ён знаходзіцца не ў ЗША.
Як піша мясцовае выданне Rappahannock News, участак, дзе прайшлі ператрусы, Дзмітрый Саймс і яго жонка Анастасія купілі ў ліпені 2021 года за $1,63 мільёна.
Саймс нарадзіўся ў 1947 годзе ў Маскве. Быў выключаны з МГУ за антысавецкія выказванні, але пры гэтым змог працаваць у Інстытуце сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў, дзе нават быў намеснікам сакратара камітэта камсамола.
У 1973 годзе эміграваў у ЗША. Быў пазаштатным карэспандэнтам «Радыё Свабода», дарадцам экс-прэзідэнта Рычарда Ніксана. Амаль 20 гадоў узначальваў у Вашынгтоне Цэнтр Нацыянальных інтарэсаў.
З 2018 года вядзе на расійскім дзяржаўным Першым канале перадачу «Вялікая гульня» аб палітычных стасунках ЗША і Расіі. Актыўна падтрымлівае вайну ва Украіне.
Раней у Washington Post выказвалі меркаванне, што Саймс быў цесна звязаны з прэзідэнцкай кампаніяй і адміністрацыяй Дональда Трампа.