Былы намеснік міністра абароны Польшчы: Чаму б не пачаць фармаванне Беларускага легіёна ў Польшчы?

З такой прапановай у калонцы ў выданні Wprost.pl выступіў экс-намеснік міністра абароны Польшчы, былы камандуючы польскімі сухапутнымі войскамі, генерал-лейтэнант у адстаўцы Вальдэмар Скшыпчак, піша «Радыё Свабода».

16.08.2024 / 09:12

Ён нагадаў, што ў Польшчы ўжо дзейнічае Украінскі легіён. У ім грамадзяне Украіны праходзяць вайсковую падрыхтоўку перад тым, як заключыць кантракт з УСУ.

«Мы не з'яўляемся непасрэднымі ўдзельнікамі вайны ва Украіне. Мы падтрымліваем ваюючага суседа ў межах кааліцыі. Мы аказваем дапамогу, сярод іншага — навучаннем Украінскага легіёна. Чаму б не пачаць фармаванне Беларускага легіёна?» — пытае адстаўны польскі генэрал.

Ён піша, што ў Аляксандра Лукашэнкі «на руках кроў тысяч нявінных». На яго думку, калі Пуцін паспрабуе спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне, адной з умоваў уступлення ў перамовы з удзелам Захаду павінна стаць перадача беларускага дыктатара ў рукі міжнароднага трыбунала.

«Польшча як дзяржава, на якую напала Беларусь, мае права ўдзельнічаць у звядзенні рахункаў з камандай забойцаў Лукашэнкі і, перш за ўсё, у паскарэнні падзення яго рэжыму», — зазначыў ён.

Былы намеснік міністра абароны Польшчы мяркуе, што авантурызм Лукашэнкі абумоўлены тым, што ЕС па-ранейшаму мала абмяжоўвае мінскі рэжым.

«Трэба сабраць сотні брусельскіх чыноўнікаў і прывезці іх на нашую мяжу зь Беларусьсю. Можа быць, гэта заахвоціць іх задумацца аб бяспецы і будучыні Еўропы», — прапанаваў Скшыпчак.

Ён адзначыў, што «колькасць грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, вялікая».

«Ва Украіне ваюе полк Каліноўскага, набраны з беларусаў. Што перашкаджае ЕС пачаць ставіць перад Лукашэнкам выразна пэўныя ўмовы?» — пытаецца Вальдэмар Скшыпчак, заклікаючы «выставіць Мінску рахунак за бандытызм».

Nashaniva.com