Забойства ў Серабранцы: Ліпскі хацеў забіць не 33-гадовую суседку, а яе сястру. Але памыліўся, бо тыя памяняліся кватэрамі

Ліпскі змагаўся з сям'ёй Пятровых гадамі, за што атрымаў крымінальную справу.

16.08.2024 / 09:31

Аляксандр Ліпскі. Фота: Анлайнер

Гісторыя Аляксандра Ліпскага, які быў у вышуку за забойства трохгадовай даўніны, а 13 жніўня 2024 года быў сам забіты пры затрыманні, абрастае новымі падрабязнасцямі. 

Работнікі ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску расказалі сваё бачанне яго гісторыі.

Ліпскі скончыў юрыдычны факультэт. Пасля навучання працаваў у юрыдычнай канторы на поўначы Расіі, дзе, верагодна, і хаваўся апошнія тры гады. Там жа, але па іншай спецыяльнасці працаваў і ягоны бацька.

Следчыя пераказваюць словы жыхароў дома на праспекце Ракасоўскага, дзе Аляксандр Ліпскі жыў з маці Раісай: маўляў, хлопец пастаянна хадзіў з уключанай камерай мабільнага тэлефона, каб пасля выкарыстоўваць відэазапісы супраць людзей, з якімі ён вёў бясконцыя спрэчкі.

Аляксандр Ліпскі пастаянна пісаў скаргі ў ЖЭС, міліцыю, тэлефанаваў у ДАІ і абураўся дрэннымі паркоўкамі каля дома. Следчая Крысціна Лагуціна прыводзіць прыклад:

«Ён ініцыяваў, каб двор дома, дзе ён жыў, закрылі ад старонніх машын. Пазней, калі сабраў дастатковую колькасць подпісаў суседзяў па гэтым пытанні, рэзка стаў у апазіцыю да ўласнай ідэі. Затым ужо адпрацаваная гісторыя: уключаны мабільны тэлефон з камерай і правакацыя жыхароў.

Але асноўны канфлікт быў з сям'ёй Пятровых. А калі больш канкрэтна, то з сястрой загінулай Валянціны, Вольгай, і яе мужам Аляксеем». Імёны пацярпелых змененыя.

Аляксандр Ліпскі абвінавачваў сям'ю гэтых Пятровых у тым, што яны пастаянна заліваюць яго кватэру. Інфармацыя не пацвярджалася. Другая прэтэнзія — тое, што Аляксей Пятроў звязаны з крымінальным светам Украіны. Гэта, па словах следчых, таксама яго фантазіі.

Тым не менш, аднойчы Ліпскі моцна штурхнуў Аляксея Пятрова. Як і пісала «Наша Ніва», на хлопца завялі крымінальную справу за прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Следчыя адзначаюць, што ён не з'явіўся ў суд і трапіў у вышук.

Была яшчэ адна цьмяная гісторыя: маці Ліпскага пасля таго канфлікту наўмысна ўпала на асфальт і білася галавой, каб пазней паказаць праваахоўнікам цялесныя пашкоджанні, нібыта нанесеныя Пятровым. Але яна не ўлічыла, што камеры відэаназірання ў двары ўсё гэта зафіксавалі.

Што ж прывяло да забойства?

Па меркаванні следчых, Аляксандр Ліпскі хацеў адпомсціць за ранейшыя канфлікты і сваю крымінальную справу і забіць Вольгу Пятрову і яе мужа Аляксея. Але не ведаў, што сям'я з'ехала, а на іх месцы жыве сястра Вольгі са сваім мужам.

Менавіта гэтая сястра, Валянціна, і стала памылковай ахвярай.

Яе мужу пашанцавала — калі Ліпскі страляў у яго, пісталет даў асечку. Мужчына паспеў выскачыць з акна пятага паверха. Нягледзячы на падзенне з такой вышыні і шматлікія траўмы, ён выжыў.

Што ж тычыцца маці, якую шукалі на пару з забойцам, то яе ўдзел у злачынстве не даказаны. Яе абвясцілі ў вышук як без вестак зніклую. Жанчыну да гэтага часу не знайшлі.

«Ліквідаваны». У бальніцы памёр хлопец, якога сёння затрымалі за забойства. Ён хаваўся разам з маці тры гады

Што вядома пра хлопца, якога вінавацілі ў забойстве ў Серабранцы і застрэлілі пры затрыманні

Nashaniva.com