Мінздароўя: У Беларусі выпадкаў захворвання воспай малпаў не зарэгістравана

Галоўнае медыцынскае ведамства краіны пракаментавала сітуацыю вакол воспы малпаў, першы выпадак заражэння якой быў учора зафіксаваны ў Еўропе, а Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла эпідэмію надзвычайнай сітуацыяй, якая прадстаўляе небяспеку для ўсяго свету.

16.08.2024 / 10:29

«У Рэспубліцы Беларусь выпадкаў захворвання не зарэгістравана, але спецыялісты гатовыя да існуючай верагоднасці завозу інфекцыі з тэрыторый іншых дзяржаў. Любая інфекцыя ці вірус можа быць выяўлены ў любой краіне свету ў сувязі з інтэнсіўным перамяшчэннем людзей, ростам сувязяў эканамічнага, культурнага і турыстычнага характару», — паведамляе Мінздароўя.

Адзначаецца, што беларускія спецыялісты распрацавалі набор рэагентаў. Ён дазваляе праводзіць дыягностыку захворвання метадам ПЛР у рэжыме рэальнага часу. У краіне ёсць і адпаведныя ўмовы (лабараторыі BSL-3), якія дазваляюць ажыццяўляць усе віды работ з патагеннымі біялагічнымі агентамі 4-й групы рызыкі.

У мэтах недапушчэння завозу і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў у рамках санітарнай аховы тэрыторыі ў пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы праводзіцца санітарна-каранцінны кантроль асоб, якія прыбываюць з краін, дзе ёсць захворванні.

Воспа малпаў — рэдкае віруснае захворванне, патэнцыйна небяспечнае для людзей з аслабленым імунітэтам. Інфекцыя суправаджаецца ліхаманкай, інтаксікацыяй, павелічэннем лімфавузлоў і наступным распаўсюджваннем сыпу — спачатку ў выглядзе плям, якія трансфармуюцца ў бурбалкі, пасля лопання ўтвараюцца язвы, пасля іх гаення — корачкі, а калі яны адпадаюць — рубцы. Пры лёгкім цячэнні хвароба звычайна праходзіць сама па сабе і доўжыцца ад 14 да 21 дня.

Афрыку імкліва ахоплівае малавывучаны і вельмі небяспечны вірус. Што такое воспа малпаў?

СААЗ прызнала мутаваны штам воспы малпаў пагрозай планетарнага маштабу. Што гэта азначае?

Новы смяротны штам воспы малпаў выявілі ўжо і ў Еўропе

Nashaniva.com