Новая канспіралогія ад блогера Віруса: ён разабраўся, чаму Лукашэнка не пасадзіў самалёт з Ціханоўскай

удакладнена

Блогер сцвярджае, што Ціханоўскую не чапалі, каб пасля выпадку з Пратасевічам яна пралабіравала закрыццё неба над Беларуссю для грамадзянскай авіяцыі.

16.08.2024 / 10:31

Віталь «Вірус» Кандраценка падчас стрыму

Учора «Наша Ніва» апублікавала вялікі артыкул пра блогера Віталя Кандраценку — «Хто такі канспіролаг Вірус, які штодня абражае і пляжыць беларускі дэмакратычны рух?» Пад артыкулам багатае абмеркаванне — ужо больш за 70 разнастайных каментароў.

А Віталь Кандраценка, не адыходзячы ад касы, сёння прапанаваў новую канспіралагічную тэорыю — як і звычайна, з поўнай адсутнасцю фактчэкінгу.

«Памятаеце самалёт, пасаджаны з Раманам Пратасевічам у 2021 годзе? На дзень раней на гэтым жа рэйсе ляцелі Ціханоўская і Вячорка, але паветраны пірат Лукашэнка вырашыў: «а навошта нам гэтая Ціханоўская, Пратасевіч важнейшы». Дык што гэта было?» — піша блогер і прыходзіць да высновы, што сітуацыя была выгадная выключна Расіі.

Маўляў, Ціханоўскую не чапалі, каб пасля выпадку з Пратасевічам яна пралабіравала закрыццё неба над Беларуссю для грамадзянскай авіяцыі. А для чаго гэта было патрэбна? Калі б не закрылі неба ў 2021 годзе, то ў 2022 заходнія авіякампаніі засудзілі б Лукашэнку за тое, што з тэрыторыі Беларусі паляцелі б бомбы па Украіне, пераконвае Вірус.

Але элементарны інтэрнэт-пошук паказвае, што рэйс Ryanair не лятае з Афінаў у Вільню кожны дзень. Пералёты ажыцяўляюцца двойчы на тыдзень. Так было тады, так ёсць і цяпер. Таму «на дзень раней» Ціханоўская ляцець не магла ніяк.

Лідарка дэмакратычных сілаў насамрэч была ў Грэцыі — яе візіт здзяйсняўся з 12 па 14 мая 2021 года. Але план, на якім рэйсе вяртацца, змяніўся ў апошні момант.

«Я ляцела дакладна такім жа рэйсам тыдзень таму. І насамрэч, магчыма, не трапіла інфармацыя наконт майго пералёту, таму што я мусіла выляцець напярэдадні, але самалёт ужо на ўзлёце рэзка спыніўся з-за нейкіх непаладак і нам давялося тэрмінова шукаць наступны рэйс на Вільню. І гэта быў найбліжэйшы. І вельмі хутка адбылася перарэгістрацыя. Магчыма, не заўважылі», — тлумачыла Ціханоўская.

(Тэкст быў удакладнены).

Nashaniva.com