Міністр абароны заявіў «пра высокую верагоднасць узброеных правакацый з боку Украіны»
Лукашэнка склікаў сёння з сілавікамі нараду па ваеннай бяспецы.
16.08.2024 / 11:46
Фота: Пул першага
«Як мне міністр заўсёды дакладвае і дзяржсакратар, старшыня КДБ, мы гатовыя, цалкам гатовыя, каб процідзейнічаць любым пагрозам, якія існуюць супраць Беларусі. Я так разумею, для адбіцця верагодных гадасцяў (я не хачу сказаць нападаў, удараў) у дачыненні да Беларусі ў нас ёсць усё», — сказаў Лукашэнка.
«Пасля падзей з гэтымі беспілотнікамі мы ўзмацнілі кантроль на беларуска-ўкраінскай мяжы. Больш за тое, мы вывелі туды часткі нашай арміі. Якая цяпер абстаноўка на мяжы, ці ўсе падраздзяленні выведзеныя ў раён канцэнтрацыі войскаў на неспадзяваны выпадак? Матэрыялы я атрымаў, карта ў мяне адпаведная ёсць. Я прашу далажыць не толькі абстаноўку, але і развіццё сітуацыі, вашы прапановы, што будзем рабіць тут далей», — задаўся пытаннем Лукашэнка.
Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра высокую верагоднасць узброеных правакацый з боку Украіны.
«Становішча на паўднёвым аперацыйным кірунку застаецца напружаным. Фармаванні Узброеных сіл і памежнай службы Украіны працягваюць удасканаленне сістэмы аховы мяжы і элементаў эшаланаванай абароны. На ўсіх участках уздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь адзначаецца актыўная дзейнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і Службы бяспекі Украіны», — заявіў кіраўнік Мінабароны.
Ён таксама далажыў, што з украінскага боку бесперапынна вядзецца разведка, для чаго нібыта актыўна выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты, у тым ліку са спробамі парушэння паветранай прасторы Беларусі.
«Ва ўмовах прысутнасці ўкраінскіх узброеных фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый, у тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў», — сказаў Віктар Хрэнін.
Качанава наказала, каб у Мінску быў ідэальны парадак
«Нам з Пуціным нават нязручна пра гэта казаць». Лукашэнка расказаў, ці прыменіць ядзерную зброю
«Давайце скончым гэтую драчку». Лукашэнка зноў начапіў тогу міратворца