Кіраўніка выбарчай камісіі, якая ў 2020 фальсіфікавала выбары, судзяць за хабар. Яму пагражае да 10 гадоў

Валерый Радчанка некалькі разоў быў у выбарчых камісіях, а ў 2020-м годзе на ягоным участку №34 выбары былі яўна сфальсіфікаваныя. Цяпер яго судзяць — але за іншае.

17.08.2024 / 09:00

Валерый Радчанка. Фота: СБ

Валерыю Радчанка 65 гадоў. Ягонае імя з'явілася ў раскладах судоў — з дапамогай праекта Digital intelligence team і базаў «Кіберпартызанаў», мы пацвердзілі, што гэта менавіта ён.

Радчанка працаваў на прадпрыемстве «Макрадор» з 90-х. Пачынаў інжынерам і дарос да намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях. Гэта вельмі буйное прадпрыемства, якое вырабляе будаўнічыя матэрыялы, спецыялізуецца на асфальтабетонных сумесях.

Радчанка быў у выбарчых камісіях як мінімум тройчы — у 2018, 2019 і 2020 гадах. У 2020-м ён узначальваў камісію №34 у мінскіх Шабанах. Згодна з інфармацыяй з платформы «Голас», выбары там былі сфальсіфікаваныя — за Святлану Ціханоўскую пра прагаласаваў 341 чалавек (з фота — 173), а ў выніковым пратаколе было ўсяго 162 галасы ў яе падтрымку.

Скрыншот з платформы «Голас»

Суд над Радчанкам пачаўся ўчора. Яго вінавацяць у «атрыманні хабару ў буйным памеры» (ч. 2 арт. 430 КК). Яму пагражае ад трох да дзесяці гадоў калоніі.

Асудзілі міліцыянта, які ў 2020-м даносіў на пратэстоўцаў. Ён прабіваў людзей па базах МУС і прадаваў звесткі

Арыштаванага за хабар топ-менеджара Белчыгункі звольнілі па карупцыйным артыкуле

Галоўнага энергетыка мінскага прадпрыемства будуць судзіць за хабар у 1400 рублёў

Nashaniva.com