Украіна адказала на абвінавачванні ў планах нібыта атакаваць Запарожскую і Курскую АЭС

УСУ не будуць прымяняць «брудную бомбу» ці біць па АЭС, паведаміў МЗС Украіны, піша РБК.

17.08.2024 / 07:08

Курская АЭС. Фота: promtourism.online

Украіна не мае ні жадання, ні магчымасці атакаваць Курскую і Запарожскую атамныя станцыі, альбо ўжываць «брудную бомбу», заявіў прадстаўнік украінскага МЗС Георгій Ціхі.

«Мы афіцыйна абвяргаем гэтыя заявы», — напісаў ён у Х.

Пра такія планы паведамілі ў расійскай акупацыйнай адміністрацыі Харкаўскай вобласці, спасылаючыся на «вынікі допыту ваеннапалонных УСУ з 82 АДШБ». Як сцвярджаюць там, палонныя распавялі нібыта пра намер уладаў Украіны пасля выбуху абвінаваціць Расію ў правакацыі.

Аналагічную інфармацыю распаўсюдзіла прапагандысцкае дзяржагенцтва «РІА Навіны» са спасылкай на ананімную крыніцу ў неназваным сілавым ведамстве. З яе словаў, мэтай абраныя сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва, боепрыпасы для гэтай задачы «ўжо завезеныя ў населены пункт Жоўтыя Воды Днепрапятроўскай вобласці Украіны».

Расія пачала інфармацыйную атаку, абвінавачваючы Украіну ў намеры ўдарыць па АЭС 

Nashaniva.com