Пасяджэнне парламента Турцыі скончылася масавай бойкай

Былы футбаліст нацыянальнай зборнай напаў на прадстаўніка апазіцыі.

17.08.2024 / 11:56

Скрыншот відэа Bild

Падчас пасяджэння турэцкага парламента дэпутат Алпай Азалан, які правёў 98 матчаў за нацыянальную зборную і гуляў за «Бешыкташ», «Фенербахчэ», «Астан Вілу» і «Кёльн», напаў на Ахмеда Шыка з «Рабочай партыі Турцыі».

Азалан паспеў ударыць Шыку кулаком па твары, пасля чаго да іх падбеглі іншыя парламентарыі, паведамляе Bild.

Сам Алпай Азалан прадстаўляе ў парламенце кіроўную Партыю справядлівасці і развіцця (ПСР).

Ягоны канфлікт з Шыкам разгарэўся падчас абмеркавання пастановы аб вяртанні дэпутацкага мандата праваабаронцу Джану Аталаю. Апошні адбывае 18-гадовы турэмны тэрмін за ўдзел у «акцыях і дэманстрацыях па звяржэнні рэжыму», аднак нягледзячы на гэта ён удзельнічаў у выбарах у парламент ад Рабочай партыі Турцыі. 

Падчас свайго выступу Шык раскрытыкаваў урад Турцыі, што не спадабалася Азалану. 

«Нядзіўна, што вы называеце Аталая тэрарыстам. Усе грамадзяне павінны ведаць, што самыя галоўныя тэрарысты гэтай краіны — тыя, хто сядзіць на гэтых крэслах», — сказаў Шык з парламенцкай трыбуны. 

Пасля нападу Азалана дэпутатаў турэцкага парламента не маглі супакоіць на працягу прыкладна паўгадзіны.

Некалькі дэпутатаў, сярод якіх былі і жанчыны, атрымалі траўмы, на падлозе залы пасяджэнняў засталася кроў. Пасля гэтага адбылося галасаванне, у выніку якога прадстаўнікі ПСР адхілілі прапанову апазіцыі вярнуць мандат Аталаю. 

Nashaniva.com