Залацісты баравік не спыніць: ці варта здзіўляцца яму ў Беларусі?

Беларускія грыбнікі працягваюць здзіўляцца знаходкам залацістага баравіка. Але больш вопытныя іх калегі сцвярджаюць, што гэты грыб у нас расце ўжо даўно. Навукоўцы ж кажуць, што залацісты баравік распаўсюджваецца з хуткасцю 100 км у год, і яго не спыніць. А ці трэба гэта ўвогуле рабіць? Разбіралася выданне «Першы».

17.08.2024 / 18:41

Грыбы «не вельмі частыя»?

Міхаіл Раманюк паказаў на грыбным форуме, якія прыгожыя залацістыя баравікі знайшоў у Брэсцкім раёне.

@nashaniva Што за дзіўны грыб? #грибник #тихаяохота #грыбы #нашаніва #гродно #белорусы #грибочки #гриби ♬ Trend de Terror - Staysee

«Вось такія залацістыя баравікі. На самай мяжы з Польшчай. Падумаў, можа каму цікава. Грыбы не вельмі частыя», — расказаў Міхаіл.

Нават вось такія вялікія трапляліся Міхаілу

Але адмін групы грыбнікоў Беларусі Алена Шэхава кажа, што такія грыбы ўжо ёсць не толькі на поўдні Беларусі, збіраюць і ў Мінскай вобласці. Некаторыя грыбнікі ставяцца да гэтых баравікоў скептычна, кажуць, на смак яны горшыя, чым традыцыйныя беларускія.

Некаторыя медыя працягваюць пісаць пра гэты грыб як пра рэдкі. «Пад Гроднам знайшлі…», «У Іванаўскім раёне знойдзены…» Але насамрэч гэты грыб ужо даўно ў Беларусі не здзіўляе дасведчаных грыбнікоў.

Пятро Лель расказаў, што ў Кобрынскім раёне такія баравікі збірае з 2019 года. Ён згодны, што залацістыя саступаюць па смакавых якасцях нашым белым, але ўсё ж такія яны лепшыя за некаторыя іншыя грыбы.

«За гэты час папуляцыя разраслася ў гэтым урочышчы з 10 сотак да 15 га. Знайшоў яшчэ ў трох урочышчах раёна. Смак выдатны ў любым выглядзе. Як я пісаў у мінулым годзе, залацісты саступае беламу, але адназначна лепшы за чырвонагаловік і падбярозавік», — кажа Пятро Лель.

Пятро Лель збірае залацістыя баравікі такімі кошыкамі

«Грыб з разарваным арэалам»

Часцей за ўсё гэты грыб сустракаецца ў Паўночнай Амерыцы. Таму яго і лічаць занесеным да нас. Але апошнім часам арэал ягонага росту выглядае значна шырэйшым, чым лічылася раней.

Даследчык грыбоў Міхаіл Вішнеўскі гаворыць, што гэты грыб ужо з дзясятак гадоў збіраюць у Калінінградскай вобласці. Даўно ён расце і ў Літве.

«Мы абмеркавалі гэтую знаходку з балгарскім міколагам (балетолагам) Барысам Асьёвым. Як і я, ён лічыць, што залацісты баравік — грыб з разарваным арэалам і, адпаведна, не занесены з Паўночнай Амерыкі, а спрадвечны еўрапейскі від. Між тым літоўскія грыбнікі сцвярджаюць, што грыб з'явіўся на літоўскай частцы Куршскай касы каля 20 гадоў таму пасля таго, як з Канады прывезлі саджанцы хвоі», — піша Міхаіл Вішнеўскі.

Даследчык кажа, што залацісты баравік нясе ў сабе рысы чырвонагаловіка (скурка, якая выступае за край капялюшыка) і белага грыба.

«Гэта баравік залацісты? Ні разу жыўцом не бачыла», — пацікавілася Наталля з Гродна ў грыбной суполцы 17 жніўня 2024 года

«Мы не можам спыніць яго распаўсюд»

У 2023 годзе міколаг Тартускага ўніверсітэта з Эстоніі Леха Тэдэрсоа расказаў, што залацісты баравік распаўсюджваецца ў краіне з хуткасцю да 100 км у год.

«Верагодна, ён быў завезены ў Еўропу з Амерыкі з саджанцамі хвоі, па ўсёй бачнасці, Літва была адным з першых месцаў. У Літве ён распаўсюдзіўся ў месцах росту хвоі звычайнай і па хваёвых лясах з пясчанай глебай паспяхова дабраўся і да Эстоніі», — расказаў Тэдэрсоа.

Паводле яго слоў, нічога не застаецца, як прыняць новы від як непазбежнасць:

«Мы не можам спыніць яго распаўсюд. На шчасце, для аматараў грыбоў гэтая непазбежнасць вельмі станоўчая. Калі б замест яго распаўсюдзіўся вельмі атрутны баравік, то наступствы былі б надзвычай трагічнымі».

Аляксандр Токараў каля Брэста 15 жніўня знайшоў 15 штук залацістых. Кажа, што раней знаходзіў каля 7 дзясяткаў

Прагнозы спраўджваюцца: грыб прыжываецца

Намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык яшчэ ў 2018 годзе прагназаваў, што гэты грыб прыжывецца ў нашых лясах. Паводле яго слоў, залацісты баравік можна аднесці да першай катэгорыі ядомых грыбоў. Пры гэтым, у адрозненне ад звычайных белых, ён рэдка бывае чарвівым, таму павінен палюбіцца грыбнікам.

Залацісты баравік у Беларусі ўжо нават на «Куфры» прадаюць. Таксама 10 жніўня 2024 года гэтыя грыбы прадавалі ў Мінску на Камароўцы па 30 рублёў за кілаграм

«Грыб вельмі эстэтычны, смачны — аматары ціхага палявання могуць смела напаўняць ім свае кошыкі. На ўчастку, дзе быў знойдзены залацісты баравік, разраслася добрая папуляцыя. Грыб гэты заўважалі і ў верасні, і ў кастрычніку (2018) — ужо як мінімум дзве яго генерацыі прайшлі. Гэта гарантыя таго, што прышэлец прыжывецца ў нашых лясах», — казаў Віктар Дзямянчык.

Пятро Лель збіраў у Кобрынскім раёне. 14 жніўня 2024 года

Можна смажыць і не варыўшы. Галоўнае, не пераблытаць з іншымі

Падчас гатавання залацісты баравік захоўвае свой светла-жоўты колер. У гатовым выглядзе мае злёгку саладкаваты смак.

Па словах Віктара Дзямянчыка, залацісты баравік абсалютна бясшкодны для здароўя, калі, вядома не вырас каля хімічнага прадпрыемства або побач з трупам жывёлы. Але, як і іншыя грыбы, яго трэба падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы.

Пры гэтым міколаг з Латвіі Ініта Даніэле кажа, што, як і баравікі ды падбярозавікі, залацістага можна смажыць без папярэдняга выварвання. Дарэчы, у Латвіі гэты баравік называюць яшчэ і канадскім.

Таксама грыбнікам варта памятаць, што важна не пераблытаць залацісты баравік з падобным вонкава баравіком прыгожым, які неядомы з-за горычы. І ёсць падобны атрутны сатанінскі грыб. Але кандыдатка біялагічных навук Ядвіга Шапорава сцвярджала, што апошні на тэрыторыі Беларусі рэдкасць, сустракаўся ў мінулым стагоддзі.

А вось што варта вывучыць — жоўцевы грыб. Ён таксама вонкава падобны на залацісты баравік, і больш распаўсюджаны ў нашых лясах. Гэты грыб хоць і не атрутны, але горкі, а пры тэрмаапрацоўцы горыч толькі ўзмацняецца.

А гэта залацістыя баравікі з Валожынскага раёна Мінскай вобласці. 14 жніўня 2024 года

Вядомая збіральніца грыбоў з Бабруйска Маша Нікітка зняла ролік пра збор гэтых грыбоў у пачатку жніўня 2024 года.

Вывозяць цэлымі вёдрамі і нават багажнікамі. На Гродзеншчыне неверагодны грыбны бум

На Міншчыне грыбнікі за тры гадзіны сабралі больш за 100 чырвонагаловікаў

Беларуска знайшла ў лесе рэдкі «грыб-васілёк». Што за ён?

«25 літраў за 2 гадзіны». Грыбныя трафеі з лясоў сталі больш разнастайнымі

Што прыгатаваць з лісічкамі: фрыкадэлькі, гуляш, кашу

Nashaniva.com