Дазвол Украіне запускаць брытанскія ракеты Storm Shadow па Расіі блакуюць ЗША

Злучаныя Штаты больш за месяц не адказваюць на запыт Вялікабрытаніі аб дазволе Украіне выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow для ўдараў па тэрыторыі Расіі. Пра гэта піша брытанскае выданне The Times са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Вялікабрытаніі.

17.08.2024 / 19:01

Уладзімір Зяленскі з Джо Байдэнам падчас візіту ў Вашынгтон 21 снежня 2022 года. Фота: AP Photo/Patrick Semansky

«Вашынгтон фактычна блакуе дазвол Вялікабрытаніі Кіеву запускаць ракеты Storm Shadow па тэрыторыі Расіі на фоне боязі адміністрацыі Байдэна выклікаць эскалацыю вайны ва Украіне», — піша выданне.

Адзначаецца, што Вялікабрытанія чакае ўхвалення ЗША, перш чым даць Украіне «зялёнае святло». Аднак запыт паступіў у сістэму больш за месяц таму, а чыноўнікі ўсё яшчэ чакаюць, паведаміла крыніца ва ўрадзе Вялікабрытаніі.

Другая крыніца ва ўрадзе Вялікабрытаніі пацвердзіла, што «ўсё яшчэ працягваюцца дыскусіі адносна Storm Shadow з саюзнікамі», а трэцяя крыніца ў сферы абароны назвала гэта «руцінным працэсам ЗША».

Як піша выданне, хоць Вялікабрытанія сама хоча даць Украіне свабоду рабіць тое, што яна хоча, са зброяй далёкага радыусу дзеяння, для гэтага патрэбен кансэнсус саюзнікаў, уключаючы ЗША, Францыю і трэцюю краіну НАТА, якая не называецца.

Крыніца ва ўрадзе падкрэсліла, што Злучанае Каралеўства не абвінавачвае ЗША ў якой-небудзь затрымцы, дадаўшы, што такія змены палітыкі патрабуюць часу.

Раней намесніца прадстаўніка Міністэрства абароны ЗША Сабрына Сінгх прызнала падчас брыфінгу ў чацвер, што ЗША «занепакоеныя эскалацыяй», калі гаворка ідзе пра выкарыстанне Украінай удараў на вялікай адлегласці. Яна таксама выказала здагадку, што для вызвалення Украіны не патрэбная зброя далёкага дзеяння.

Як піша выданне, адна з тэорый брытанскіх вайскоўцаў палягае ў тым, што ЗША, магчыма, чакаюць ацэнкі ўплыву або наступстваў украінскай аперацыі ў Расіі, перш чым прымаць рашэнне.

Член камітэта па пытаннях абароны Украіны расказаў The Times, што Украіна была вымушаная правесці сваю трансгранічную аперацыю ў Курску праз адмову Захаду дазволіць Кіеву выкарыстоўваць крылатыя ракеты вялікай далёкасці па цэлях у Расіі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова прасіў дазволу выкарыстоўваць перададзеныя ЗША ракеты ATACMS і брытанскія Storm Shadow для ўдараў па цэлях у глыбіні Расіі, але кожны раз атрымліваў адмову з-за боязі, што гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту.

У траўні Зяленскі ў размове з The Guardian выказаў здагадку, што на самай справе Даўнінг-стрыт чакае ўхвалення амерыканцаў. Паводле яго слоў, канчатковае рашэнне Вялікабрытаніі і іншых партнёраў залежыць ад «кансэнсусу», прычым пазіцыя Вашынгтона з'яўляецца вырашальнай.

«Нам з Пуціным нават нязручна пра гэта казаць». Лукашэнка расказаў, ці прыменіць ядзерную зброю

УСУ ўзарвалі асноўны мост цераз Сейм у Курскай вобласці, адразаючы расійскія войскі

Наступ Украіны ў Курскай вобласці сарваў таемныя перамовы з Расіяй аб частковым спыненні агню — WP

З'явіўся спіс краін, якіх Расія лічыла патэнцыйнымі цэлямі для ядзернага ўдару. Там ёсць і Кітай, і Іран

Nashaniva.com