На расійскай Камчатцы пачалося вывяржэнне вулкана

Ля берагоў Камчаткі (Расія) адбыўся землятрус магнітудай 7.

18.08.2024 / 08:02

Фота: расійскія тэлеграм-каналы 

Вулкан Шывелуч на Камчатцы пачаў вывяргацца. Ён выкінуў попел на вышыню 8 км над узроўнем мора, паведамляе Інстытут вулканалогіі і сейсмалогіі Далёкаўсходняга аддзялення Расійскай Акадэміі навук.

Гэты вулкан знаходзіцца ў 50 км на поўнач ад пасёлка Ключы Усць-Камчацкага раёна і 450 км ад Петрапаўлаўска-Камчацкага. 

Быў уведзены чырвоны код авіянебяспекі. Навукоўцы папярэдзілі, што актыўнасць вулкана небяспечная для мясцовых і міжнародных авіяперавозак.

Вывяржэнне вулкана пачалося неўзабаве пасля землятрусу на Камчатцы магнітудай 7. Эпіцэнтр землятрус — у Ціхім акіяне, у 108 км ад Петрапаўлаўска-Камчацкага.

Вулкан Шывелуч. Фота: Далёкаўсходняе аддзяленне Расійскай Акадэміі навук.

МНС паведамляла, што землятрус адчуваўся ў Петрапаўлаўск-Камчацкай гарадской акрузе, Ялізаўскім, Усць-Камчацкім раёнах, Вілючынскай гарадской акрузе сілай да 5-7 балаў. У ведамстве дадалі, што пагрозы цунамі няма.

Nashaniva.com