Капялюш Індыяны Джонса прадалі за 630 тысяч даляраў
Карычневы фетравы капялюш, спецыяльна выраблены для здымак фільма «Індыяна Джонс і храм лёсу», стаў самым дарагім лотам нядаўняга аўкцыёну ў Лос-Анджэлесе, дзе распрадавалі галівудскі рэквізіт.
18.08.2024 / 14:12
Кадр з фільма
Яго купілі за 630 тысяч даляраў, піша BBC.
Акрамя «асабістых рэчаў доктара Джонса», на продаж былі выстаўленыя і іншыя памятныя артэфакты, якія з'яўляліся на экране ў культавых фільмах пра Джэймса Бонда, Гары Потэра і герояў «Зорных войнаў».
У капелюшы герой Харысана Форда, археолаг-авантурыст Індыяна Джонс, з'яўляецца ў самым пачатку фільма, калі, ратуючыся ад кітайскай мафіі, ён разам са сваімі спадарожнікамі выскоквае з падаючага самалёта і на надзіманым плыце планіруе ў раку.
Як паведаміў аўкцыённы дом, які праводзіў таргі, дадаткова капялюш здымалі і асобна ад гаспадара, у студыі візуальных эфектаў Джорджа Лукаса — аўтара сцэнарыя фільма і яго выканаўчага прадзюсара.
Акрамя Форда, на здымках фетравы капялюш насіў і яго дублёр, каскадзёр Дын Ферандзіні.
Як удакладнілі прадстаўнікі аўкцыённага дома Propstore, фетравы капялюш «сабалінага колеру» — гэта не той жа галаўны ўбор, што герой Харысана Форда насіў у першай серыі кінасагі, «У пошуках страчанага каўчэга», а новы.
На ўнутранай падкладцы капялюша вытворчасці лонданскай кампаніі Herbert Johnson Hat Company залатымі літарамі вышытая манаграма «IJ» — ініцыялы выдуманага ўладальніка.
У ліку іншых выстаўленых на таргі артэфактаў можна адзначыць яшчэ некалькі. Напрыклад, шлем імперскага штурмавіка-разведчыка з фільма 1983 года «Вяртанне джэдая» (першага знятага эпізоду кінасагі «Зорныя войны») сышоў з малатка за 315 тыс. даляраў.
Чароўная палачка Гары Потэра, з якой акцёр Дэніэл Рэдкліф не разлучаўся на здымках фільма «Гары Потэр і Вязень Азкабана», знайшла свайго новага ўладальніка за 53,5 тыс. даляраў.
Касцюм Дэніэла Крэйга з фільма 2012 года «007: Каардынаты «Скайфолл»» сышоў за 35 тыс. даляраў.