Галоўны трансплантолаг краіны паскардзіўся на беларусаў — жывыя не хочуць аддаваць свае органы

Дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо расказаў выданню «Мінск-Навіны», як фарміруецца ліст чакання на транспланталогію ў краіне, чым беларусы адрозніваюцца ад усходніх народаў і чаму не ўсім замежнікам перасадку органаў у Беларусі зробяць.

18.08.2024 / 17:10

 

Алег Румо паскардзіўся выданню, што беларусы не хочуць аддаваць свае органы на трансплантацыю.

— У Беларусі, як і ў еўрапейскіх краінах, у ЗША, у асноўным перасаджваюць органы памерлых людзей. Такая спецыфіка нацыянальных заканадаўстваў, асаблівасць ладу жыцця, разумення праблемы.

Усходні свет іншы. Там асноўная маса аперацый па трансплантацыі органаў выконваецца ад жывых донараў (роднасныя, няроднасныя перасадкі). Гэта абумоўлена шэрагам прычын. Па-першае, на Усходзе сем'і вялікія. У нас, у ЗША, у Еўропе не так. Акрамя таго, у жыхароў усходніх краін іншы менталітэт. У іх дзеці, напрыклад, матываваныя ратаваць жыццё сваіх бацькоў — аддаваць ім сваю нырку або фрагмент печані. У нас, наадварот, матываваны бацькі, а яны не заўсёды здаровыя і не могуць быць донарамі.

У той жа час у маім жыцці было шмат выпадкаў, калі дарослыя дзеці ў якасці донараў падыходзілі сваім бацькам (ім патрабавалася перасадка), але тата (мама) ні пры якіх абставінах не ішлі на гэты крок. Наадрэз адмаўляліся. Такія нашы псіхалогія і ментальнасць, — гаворыць ён.

Таму роднасныя трансплантацыі дарослым, кажа Румо, беларускія трансплантолагі выконваюць у асноўным за мяжой, куды іх запрашаюць, — у Арменіі, Казахстане, Узбекістане. 

Румо лічыць, што такая сітуацыя «парадаксальная». 

«Сваю любоў да родных трэба выяўляць не толькі словамі, але і ўчынкамі», — кажа ён.

Румо распавёў, што чарга на трансплантацыю ў Беларусі на печань «не празмерна вялікая». 

«У сярэднім на працягу трох-чатырох месяцаў грамадзяніну Беларусі абавязкова выканаюць перасадку печані. Размова ідзе аб планавых аперацыях. Экстранныя робім адразу, як толькі з'яўляецца донар», — кажа ён. 

Перасадку донарскай ныркі, паводле Румо, трэба чакаць менш за 200 дзён.

Грамадзянам Беларусі аперацыі па перасадцы органаў і тканак робяць бясплатна. «Сабекошт аперацыі па трансплантацыі ныркі — 8 000-15 000 рублёў, печані — 20 000-30 000 рублёў плюс наступнае забеспячэнне пацыентаў прэпаратамі, якія перашкаджаюць адрыньванню донарскага органа».

Для замежніка аперацыя па трансплантацыі печані каштуе 132 000 долараў, ныркі — 67 000 долараў. 

«Цэны адпавядаюць еўрапейскім. Беларусь — еўрапейская краіна. І якасць у нас еўрапейская. Пры гэтым людзі плацяць за аперацыю. Не за орган, яго даюць бясплатна, а за працу спецыялістаў», — кажа Румо. 

На аперацыю прымаюць не ўсіх замежнікаў, у асноўным з балканскіх краін: Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі. Акрамя таго, з Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя.

«У еўрапейскіх краінах ёсць усе магчымасці для выканання гэтых аперацый у сябе.

Таму мы прынцыпова даём адмову жыхарам Заходняй Еўропы, ЗША. Гэта наша дакладнае правіла, якога няўхільна прытрымліваемся. Раней дапамагалі грамадзянам Украіны, зараз, па аб'ектыўных прычынах, іх адзінкі.

Невялікая колькасць пацыентаў з Ізраіля. Грамадзяне гэтай краіны прыязджаюць на перасадку печані», — кажа Румо.

Nashaniva.com