Расійскія вайскоўцы трапілі на відэа падчас рабавання салона сувязі ў Курскай вобласці
З'явілася відэа рабавання салона сотавай сувязі ў пасёлку Глушкова. На кадрах мужчыны ў расійскай вайсковай форме ламаюць вітрыны, выносяць тэхніку і спрабуюць адчыніць дзверы.
18.08.2024 / 21:54
У сеціве выказваецца мяркаванне, што гэта вайскоўцы з батальёна «Ахмат».
Ваенкар Уладзімір Раманаў напісаў, што людзей з запісу ўжо знайшлі. Дарадца губернатара Курскай вобласці, z-блогер Раман Алёхін паведаміў, што на відэа — два чачэнцы.
«Цяпер звярнуся да ўсіх м*дакоў, хто носіць вайсковую форму і дазваляе сабе марадзёрыць мірных і тым больш сваё ж насельніцтва ў памежжы, якое з першых дзён СВА гатавала ежу, апранала і абувала, мыла і сцірала для вайскоўцаў: вы кончаныя поскудзі і адзіная мера для вас — гэта смерць», — дадаў Алёхін.
Паводле яго слоў, «гэтыя двое поскудзяў ужо адказваюць» за марадзёрства.
Глушкова знаходзіцца пад расійскім кантролем. Раней там узарвалі мост праз раку Сейм.