У Брытаніі мізагінію хочуць прыраўняць да экстрэмізму

Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі заявіла, што ў адпаведнасці з новымі планамі ўрада будзе разглядаць крайнюю нянавісць да жанчын як форму экстрэмізму.

19.08.2024 / 08:49

Міністр унутраных спраў Івет Купер распарадзілася перагледзець стратэгію барацьбы з экстрэмізмам у Вялікабрытаніі, каб вызначыць, як лепш змагацца з пагрозамі, якія зыходзяць ад небяспечных ідэалогій, піша Бі-бі-сі.

На думку ўрада, нянавісць да жанчын — адна з ідэалагічных тэндэнцый, якія набіраюць папулярнасць. Па словах Купер, рост экстрэмізму назіраецца «як у інтэрнэце, так і на вуліцах» і ён «разбурае саму тканку нашых супольнасцяў і нашай дэмакратыі».

Мяркуецца вывучыць рост ісламісцкага і ўльтраправага экстрэмізму ў Вялікабрытаніі, а таксама больш шырокія ідэалагічныя тэндэнцыі, уключаючы мізагінію або «перакананні, якія ўкладваюцца ў больш шырокія катэгорыі, такія як фіксацыя на гвалце», сказала Купер.

Таксама будуць вывучаны прычыны радыкалізацыі моладзі і яе паводзіны. Стратэгія будзе «адсочваць экстрэмісцкія тэндэнцыі», каб распрацаваць спосабы спынення і адцягнення людзей ад іх, працягнула міністр.

Паводле яе слоў, новая стратэгія таксама выявіць прабелы ў існуючай палітыцы, якія неабходна ліквідаваць, каб спыніць дзейнасць тых, хто прасоўвае шкодныя і ненавісніцкія перакананні і гвалт».

Купер лічыць, што ў апошнія гады барацьба з экстрэмізмам стала вельмі выхалашчанай.

Nashaniva.com