Выходзіць новая кніга філосафа Валянціна Акудовіча

«Шолах моўчы» — новая кніга беларускага філосафа Валянціна Акудовіча неўзабаве выйдзе ў межах ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі». Зборнік тэкстаў інтэлектуала — сумесны праект беларускага выдавецтва «Галіяфы» і македонскага Goten Publishing, піша Reform.news.

19.08.2024 / 08:53

У кнізе сабраныя тэксты Валянціна Акудовіча розных гадоў.

«Ад праграмнага эсэ «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» да вершаў, прысвечаных сябрам, да гумарыстычных афарызмаў пра Бога і свет, — прадстаўляе новае выданне ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі». — Біблейскія матывы ў зборніку сустракаюцца з жартамі пра Бога, асабістая гісторыя пра левае вока, якое Акудовіч страціў у савецкім войску, стаіць побач з глыбокім трактатам пра мову як адзін з найважнейшых элементаў чалавечага існавання. Кожны, хто прачытае гэтую кнігу, паглыбіцца не толькі ў свет думкі аднаго з найвыдатнейшых беларускіх філосафаў, але і ў яго біяграфію, цесна знітаваную з гісторыяй і сучаснасцю беларускага культурнага абшару».

У анатацыі да выдання падкрэсліваецца канцэптуальны складнік зборніка тэкстаў.

«Валянцін Акудовіч — адна з цэнтральных фігураў беларускага адраджэння пераходнага перыяду, прадстаўнікі якога клапаціліся пра нацыянальнае самавызначэнне, пераадоленне каланіяльнай спадчыны і станаўленне беларускай культуры. «Час, у які адбывалася Беларусь», як акрэслівае Акудовіч нечаканае здабыццё дзяржаўнага суверэнітэту, быў часам вялікіх спадзяванняў і культурнага ўздыму, — заўважаецца ў анатацыі. — У наступныя дзесяцігоддзі прадстаўнікам нацыянальнага адраджэння давялося адмовіцца ад многіх сваіх мараў. Для некаторых гэта прывяло да вялікага расчаравання, у той час як іншыя спрабавалі трымацца за тое, чаго ніколі не існавала. Гэтую сітуацыю Акудовіч успрымае як магчымасць паразважаць пра месцазнаходжанне чалавека ў многіх вымярэннях: міжасабовым, палітычным, культурным, экзістэнцыяльным. Гэтая чырвоная нітка разважанняў Акудовіча праходзіць і ў кнізе «Шолах моўчы».

«Галіяфы» — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. 16 красавіка 2022 года па рашэнні Міністэрства інфармацыі Беларусі яно было вымушана спыніць выдавецкую дзейнасць.

Nashaniva.com