Мінабароны анансавала стварэнне сістэмы барацьбы з дронамі
Сістэма па супрацьдзеянні беспілотнікам ствараецца ў Беларусі, паведаміў камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА Андрэй Лук'яновіч у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.
19.08.2024 / 10:16
Ілюстрацыйнае фота. Фота: belstu.by
Беспілотныя лятальныя апараты лічацца адной з самых істотных сучасных ваенных пагроз з-за спосабаў прымянення, масавасці і малапрыкметнасці.
«Гэта галаўны боль для многіх дзяржаў. І на сёння панацэі, абароны ад беспілотных лятальных апаратаў няма. Таму мы, вядома, не стаім на месцы, вывучаем увесь перадавы вопыт, у тым ліку ў рамках Міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва», — распавёў высокапастаўлены вайсковец.
Паводле слоў Лук'яновіча, у нашай краіне вывучылі досвед КНР і Ірана ў вытворчасці і прымяненні дронаў. Цяпер у Беларусі ствараецца цэлая сістэма барацьбы з беспілотнікамі.
«Мы ствараем сістэму па супрацьдзеянні беспілотным лятальным апаратам, асноўная задача якой — гэта выяўленне. У нас перадавыя станцыі, у тым ліку беларускай вытворчасці, па выяўленні беспілотных лятальных апаратаў», — паведаміў генерал-маёр.
На другім этапе — супрацьдзеянне сродкамі РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы) і наступнае знішчэнне зенітнымі ракетнымі комплексамі і авіяцыяй.