25 год таму ў Мінску адкрылі Маскоўскі аўтавакзал — згадваем яго лёс ФОТЫ
Роўна 25 год таму, у жніўні 1999 года, у сталіцы адкрылі аўтавакзал «Маскоўскі». Ён праіснаваў амаль 15 год і быў цалкам знесены ў 2014-м. Згадваем, якім ён быў і як выглядае «газпрамаўская» будоўля на яго месцы цяпер.
19.08.2024 / 16:12
Вакзал на Філімонава, 63 пачалі праектаваць яшчэ ў савецкі час — у 80-я. Будаўніцтва, распачатае ў 1990-м, зацягнулася амаль на дзесяць гадоў праз праблемы з фінансаваннем — на фоне эканамічных праблем у сувязі з распадам СССР. Так што адкрылі вакзал толькі ў 1999-м.
«Найлепшы ў краінах СНД, а, можа, і Еўропы», — так пісалі пра аўтавакзал у газетах пасля адкрыцця. Фота:vk.com/avtovokzalmoskovskiy
Для таго часу гэта лічылася архітэктурным прарывам, што пацвярджаецца шматлікімі прэміямі і намінацыямі, якімі ўганаравалі стваральнікаў праекта.
Аўтавакзал у нулявыя. Фота: vk.com/avtovokzalmoskovskiy
Аўтарская група інстытута «Мінскпраект» — Мікалай Навумаў, Леанід Ваўчэцкі, Юрый Рушаў — атрымала за сваю працу дзяржаўную прэмію. І гэта была далёка не адзіная ўзнагарода. Гран-пры на VII Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе найлепшых архітэктурных твораў года ад Беларускага саюза архітэктараў, прэмія Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі імя У. Караля ў намінацыі «Архітэктура і будаўнічае мастацтва»… Адзначалі вакзал і на міжнародным узроўні.
Асноўную залу вакзала ўпрыгожылі серыяй дэкаратыўных пано мастака Віктара Хацкевіча, а яшчэ скульптурай Уладзіміра Папсуева. Фота: @lianina_minsk
Фота: «Анлайнер»
Фота: «Анлайнер»
Фота: «Анлайнер»
Менавіта таму, калі ў 2012-м зайшла размова пра магчымы знос вакзала і перадачу тэрыторыі «Газпраму» пад забудову са 189-мятровым шматпавярховікам у цэнтры, архітэктурная супольнасць абуралася і выступала супраць. Як і пасажыры, якія вакзалам актыўна карысталіся для паездак на лецішчы, у аэрапорт ці за мяжу.
Фота: vk.com/avtovokzalmoskovskiy
Але гарадскія ўлады прыводзілі свае аргументы. Так, тагачасны старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька назваў яго архітэктурна «малазначным». Але асноўнай нагодай для зносу стала «малая запатрабаванасць». У «Мінсктрансе» тады далі справаздачу, што «Маскоўскі» абслугоўвае толькі 24% пасажырапатоку, і пры гэтым сам аб’ект няпросты ў эксплуатацыі.
Фота: vk.com/avtovokzalmoskovskiy
У выніку ў 2014 годзе пачаліся працы па зносе, а таксама падрыхтоўчы працэс для ўзвядзення там офіса «Газпрама» і новай дарожнай развязкі Незалежнасці — Філімонава. Праўда, з планамі ўсё пайшло зусім не гладка — будаўніцтва некалькі разоў прыпынялі і кансервавалі праз праблемы з грунтам і праектнай дакументацыяй, а таксама праз рознагалоссе паміж замоўцам і генеральным падрадчыкам.
Першапачаткова комплекс планавалі здаць у 2020-м. Гэтага, як вядома, не адбылося. Працэс будаўніцтва трапіў пад крытыку Лукашэнкі. «Мы што, далей будзем цярпець гэты газпрамаўскі плот у цэнтры Мінска? Яны ж прасілі: дайце нам кавалак зямлі, мы хочам пабудаваць прыгожы будынак. Дзе гэты будынак?» — задаваўся ён пытаннем у 2021-м.
Тады, за сем год «будаўніцтва», там быў фактычна скончаны толькі фундамент, італьянскі забудоўшчык са скандалам пайшоў з аб'екта, «Газпрам трансгаз Беларусь» прасіў Лукашэнку працягнуць тэрміны будаўніцтва.
У пачатку 2024-га будаўніцтва на аб’екце зноў аднавілася ў актыўным рэжыме. На сёння там усё так жа вядуцца працы над будучым шматпавярховікам, які абяцае стаць самым высокім у сталіцы. Па апошнім дэдлайне аб'ект спадзяюцца здаць у 2027 годзе.
Праца на месцы знесенага вакзала летам-2024. Фота: minsknews.by
На будпляцоўцы «Газпрам-цэнтра» ў Мінску пачаліся мантажныя работы
Наколькі за год падаражэлі арэндныя кватэры ў Мінску і дзе самыя папулярныя лакацыі