Лукашэнка зноў баіцца за страшны лёс беларускіх кароў

Аграпрамысловы сектар атрымлівае каласальныя сродкі ў выглядзе інвестыцый, сказаў Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці на нарадзе з урадам.

19.08.2024 / 12:14

Паводле яго слоў, у краіне ідзе чарговая мадэрнізацыя аграрнай галіны. Гэта ўжо дало свой станоўчы эфект у выглядзе павелічэння надояў малака на 6,5%, і вытворчасці жывёлы і птушкі на 4,5%, піша БелТА.

«Аднак за гэтымі лічбамі стаіць страшная колькасць загінулага пагалоўя», — панаракаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён прывёў даныя Камітэта дзяржкантролю, што толькі за паўгода ад хвароб загінула 70 тысяч галоў, у тым ліку амаль 40 тысяч цялят.

«Гэта абуральная безгаспадарчасць. Калі калісьці ў мужыка ў вёсцы карова гінула, гэта было трагедыяй сусветнага маштабу. Цяпер чамусьці прывыклі хавацца за нарматывамі і стандартамі. Жудасць! Якія яшчэ нарматывы (асабліва ў Магілёўскай вобласці) па падзежы жывёлы», — абурыўся Лукашэнка.

На яго думку, павінен быць толькі адзін стандарт у галіне — гэта здаровая жывёла ў добрых умовах утрымання. Тады не будзе смерці жывёлы ніякай. Гэтае пытанне датычыцца і напаўнення малочна-таварных комплексаў пагалоўем.

«Каго мы там доім? Калі карову, то чаму з казіным удоем?» — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА

Nashaniva.com