Без чэргаў і абмежаванняў. Хто можа ехаць на матацыкле ў Літву
19.08.2024 / 14:22
Пачынаючы з 17 жніўня трапіць з Беларусі ў Літву на ўласным аўто могуць толькі беларусы з візай або ДНЖ, выданымі менавіта ў Літве. Для ўсіх астатніх адзіны шлях у Еўрасаюз на аўто ляжыць праз дзейны пункт пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы. Але ёсць альтэрнатыва — матацыкл.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Адзіны від транспарту, які не закранулі абмежаванні
Санкцыі ЕС, якія дазваляюць краінам самастойна вырашаць, якімі будуць абмежаванні ў дачыненні да ўезду легкавых аўто з беларускай рэгістрацыяй, ніяк не закранаюць такі від транспарту, як матацыклы, скутэры і мапеды.
З гэтага вынікае, што беларускія матацыклісты, як і раней, могуць трапіць, напрыклад, у Літву на матацыкле. Пры гэтым, няма розніцы, візу або ДНЖ якой краіны мае падарожнік.
Інфармацыя пра тое, што для матацыклістаў няма ніякіх абмежаванняў пасля 17 жніўня днямі пачала з'яўляцца ў адмысловых чатах.
Тое, што на перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы на матацыкле няма ніякіх абмежаванняў, пацвердзілі і ў літоўскай мытні.
Таму беларусы могуць прыязджаць у Літву на матацыклах нават у тых выпадках, калі яны маюць, напрыклад, польскую візу або польскі ДНЖ.
А што рабіць узімку?
Скарыстацца такой магчымасцю можна да зімы, паколькі цягам трох зімовых месяцаў у Літве забаронена ездзіць на матацыклах з летнімі пакрышкамі.
Таксама нельга ездзіць на матацыкле ў Літву ў сакавіку і лістападзе, калі хаця б частка праезнай часткі пакрыта снегам або лёдам.
З 1 красавіка ніякіх абмежаванняў на паездкі на матацыклах на летніх пакрышках няма.
Нагадаем, што на аўтамабілі ў Літву пачынаючы з 17 жніўня могуць трапіць толькі беларусы з візай або ДНЖ, выдадзенымі Літвой. Такі пераходны перыяд будзе дзейнічаць да 18 студзеня 2025 года. Пасля гэтай даты аўто з беларускімі нумарамі не змогуць знаходзіцца ў Літве ў незалежнасці ад таго, з якой краіны яны туды заехалі.
Але гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на матацыклы.