У Мінску распачаўся суд па «справе Мачулішчаў»

​​У Мінскім гарадскім судзе 19 жніўня распачаўся працэс па гучнай справе дыверсіі ў Мачулішчах. Дванаццаці чалавекам — большасці завочна — ставяцца ў віну адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).

19.08.2024 / 12:40

Іх абвінавачваюць у здзяйсненні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Валянціна Зянькевіч, піша «Вясна».

Галоўны фігурант справы і, як сцвярджалі афіцыйныя органы і прапагандысты, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец, быў вызвалены ў чэрвені па абмене з Украінай. Але, нягледзячы на гэта, па справе адбываецца суд і яго памагатым у Беларусі пагражаюць вялікія тэрміны зняволення. Завочна судзяць і самога Швеца.

Так, на лаве падсудных знаходзяцца Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і ягоная жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Згодна з прапагандысцкім фільмам АНТ, усе яны былі памагатымі па справе, але яны дакладна не ведалі, хто такі Швец і ў чым менавіта яму трэба дапамога. Так, Максім Лапацін падвёз Швеца са Століна на Лагойскую трасу, Андрэй Сцяпурка дапамог знайсці яму кватэру пад Мінскам, Алег Сычоў і Наста Пілько здалі яму тую самую кватэру.

А Дзяніс Сакалоў, які выявіўся прыяцелем сына Ірыны Абельскай і меркаваным даносчыкам, быццам дапамог даставіць дрон і знайсці працу для Мікалая Швеца.

Завочна судзяць Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.

Дарэчы, у раскладзе суда сярод тых, у адносінах да каго распачаўся суд, няма Яўгеніі Лопаравай, але яе імя значыцца ў спісе асобаў, у адносінах да якіх распачата спецвытворчасць. Згодна апошняй інфармацыі, яе таксама сёння судзяць па справе Мачулішчаў. Але пры гэтым у «завочніках» адсутнічае імя Сяргея Лопарава.

Фігурантам справы інкрымінаваныя адразу 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Паведамлялася, што цяпер самалёт знаходзіцца на рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.

Nashaniva.com