Валерый Сахашчык: Напад Польшчы на Беларусь — гэта поўны нонсэнс з пункту гледжання логікі

Палітык і былы вайсковец Валерый Сахашчык у інтэрв'ю «Белсату» патлумачыў, што стаіць за словамі Аляксандра Лукашэнкі, які чарговым разам абвінаваціў Польшчу ў намерах напасці на Беларусь.

19.08.2024 / 13:01

Валерый Сахашчык. Фота: ОСЦ

Напад Польшчы на ​​Беларусь або Расію — гэта поўны нонсэнс з пункту гледжання логікі. Польшчы няма чаго ваяваць, гэта шчаслівая развітая дэмакратыя, а калі людзі задаволены сваім жыццём, то менш за ўсё на свеце яны хочуць на кагосьці нападаць», — сказаў ён.

Паводле яго, за пастаяннымі абвінавачваннямі суседніх краінаў з боку ўладаў Расеі і Беларусі хаваюцца правілы вайсковай прапаганды, «яны ўніверсальныя і добра вядомыя спецыялістам, апісаныя ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у вядомай працы Ганны Марэлі «Элементарныя прынцыпы ваеннай прапаганды».

«Дык вось, ёсць два правілы ваеннай прапаганды, якія добра тлумачаць, што стаіць за абвінавачваннямі ў адрас Польшчы. Першае гучыць прыкладна так: «Адказнасць за гэтую вайну нясе толькі наш супернік!» Другое: «Мы не жадаем войны, мы толькі абараняемся!» Менавіта па гэтым лекале і дзейнічаюць Пуцін і Лукашэнка.

Вайну ў 2022 годзе развязаў Крэмль дзякуючы падтрымцы Лукашэнкі, аднак адказнасць за гэтую вайну ўвесь час спрабуюць перакласці на NATO, калектыўны Захад, [прэзідэнта ЗША Джо] Байдэна і гэтак далей: «Гэта не мы, гэта ўсе яны вінаватыя! Калі б мы не напалі, дык напалі б яны! На Беларусь рыхтавалася/рыхтуецца напад!!» Тым самым для ахвяр прапаганды ствараецца па сутнасці паралельная рэальнасць, у якой Лукашэнка і Пуцін за мір і з цяжкім сэрцам узмацняюць сваё войска, бо іх правакуе вонкавы супернік, напрыклад, Польшча», — сказаў Сахашчык.

Суразмоўца падкрэсліў, што ваенная прапаганда працуе на дзве аўдыторыі. Адна з іх — гэта міжнародная грамадскасць, другая — гэта грамадзяне Беларусі і Расіі, «якіх ашчадна змяшчаюць у атмасферу ваеннага псіхозу». 

«Тым самым іх падахвочваюць бязмежна падтрымліваць любыя, самыя амаральныя і недальнабачныя дзеянні ўладаў аж да ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Гэта датычыць перадусім Расеі, якая за кошт такой прапаганды спрабуе павялічыць колькасць добраахвотнікаў», — заявіў палітык. 

Nashaniva.com