Вайскоўцы не верылі Сырскаму, калі ён расказаў ім пра планы. Сталі вядомыя падрабязнасці аперацыі ў Курскай вобласці

Выданне The Economist апытала вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, і крыніцы, знаёмыя з прыняццем рашэнняў.

19.08.2024 / 18:34

Дырэктар кіеўскага Музея гісторыі Другой сусветнай вайны гісторык Юрый Саўчук нясе дарожны знак у Суджы. 16 жніўня 2024 г. Фота: AP

Як піша The Economist, аперацыя УСУ ў Курскай вобласці — дзёрзкая задума, падрыхтаваная ва ўмовах строгай сакрэтнасці. Яна падняла баявы дух і паказала, якую складаную тактыку аперацый здольная ажыццяўляць украінская армія.

Як расказалі крыніцы выдання, украінскае камандаванне разглядала некалькі сцэнароў наступу на слабыя месцы расійскай мяжы: удар у Бранскай вобласці на поўначы, удар у Курскай вобласці, камбінацыя двух і больш варыянтаў.

Галоўная мэта заключалася ў тым, каб адцягнуць войскі ад Данбаса і займець разменныя карты для будучых перамоваў.

Аляксандр Сырскі. Фота: hromadske.ua

Галоўнакамандуючы УСУ генерал Сырскі трымаў планы ў сакрэце. Ён дзяліўся імі толькі з вузкім колам генералаў. З прэзідэнтам Сырскі камунікаваў сам-насам, без памочнікаў. Большую частку разведкі правяла вайсковая разведка, а не ГУР, якое падключылі толькі на пазнейшым этапе.

Як сцвярджае крыніца выдання, заходніх саюзнікаў таксама наўмысна пакінулі ў няведанні: «Дзве папярэднія аперацыі Сырскага былі сарваныя Захадам. Аб адной з іх стала вядома расейцам, а ў іншым выпадку нам было загадана спыніць аперацыю».

Абмежаванне сувязі да ўзроўню «трэба ведаць» дазволіла ўкраінцам пачаць атаку да таго, як расіяне зразумелі, што адбываецца.

«Расіяне разумелі, што нешта рыхтуецца, але, хутчэй за ўсё, меркавалі, што для такой дзёрзкай аперацыі нам спатрэбіцца адабрэнне амерыканцаў», — цытуе выданне словы адной з крыніц. Калі перад Захадам паўстаў факт таго, што адбылося, ён не стаў пярэчыць.

Генерал Сырскі заблытаў праціўніка, схаваўшы прыбыццё сваіх самых загартаваных у баях брыгад. Перакідванне падмацавання ў прымежныя лясы было абгрунтавана абаронай ад меркаванага наступу расійскіх войск на Сумы. У той жа час ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя аб хуткім расійскім уварванні.

«Ратацыя адбылася прыкладна за паўтара тыдня да пачатку Курскай аперацыі. (…) Расіяне працягвалі верыць, што мы проста абараняем мяжу», — расказаў выданню радавы 80-й брыгады Сяргей, які быў сярод тых, хто першы зайшоў у Курскую вобласць.

Самі салдаты пачалі падазраваць, што адбываецца нешта сур'ёзнае, у пачатку жніўня, калі ім нечакана выдалі рыштунак: новыя каскі з убудаванымі навушнікамі і новыя штурмавыя вінтоўкі. Яны праводзілі вучэнні на макетах, якія, як высветлілася пазней, уяўлялі сабой расійскія вёскі.

Генерал Сырскі збярог большую частку сіл для другой хвалі атакі, і, магчыма, менавіта таму Расія спачатку палічыла прарыў не надта сур'ёзным.

Салдаты кажуць, што не паверылі свайму камандзіру, калі ён расказаў ім пра планы.

«Мы смяяліся… Мы жартавалі, што сёння не 1 красавіка. А камандзір толькі ўсміхаўся, ведаючы, што мы нават не ўяўляем, што нас чакае», — успамінае радавы Сяргей.

Сакрэтнасць падрыхтоўкі і прадуманая тактыка, напрыклад, выкарыстанне FPV-дронаў для прыкрыцця з паветра, садзейнічалі хуткаму прасоўванню ўкраінскіх войск.

Расіяне білі па ўкраінцах з верталётаў і закідвалі планернымі бомбамі — якія часта падалі на расійскія ж вёскі, але на зямлі УСУ не сустракалі сур'ёзнага супраціву.

Па словах крыніцы выдання ў генеральным штабе Украіны, украінскія войскі выкарыстоўвалі тактыку «манеўранай атакі», падобнай да той, што ўжывае і начальнік расійскага Генштаба Валерый Герасімаў.

На працягу першых пяці дзён украінская тактыка была выдатна эфектыўнай. 82-я брыгада прарвалася на ўсход у кірунку Вялікага Салдацкага, а 80-я — на захад, да Малой Локны. Невялікія падраздзяленні прамацвалі ўразлівыя месцы, перш чым пусціць у ход цяжэйшую бранятэхніку.

Як піша выданне, генерал Сырскі адрозніваецца ўвагай да дэталяў. Але калі першая фаза была старанна спланаваная, то цяпер кампанія развіваецца па сітуацыі. Страціўшы элемент нечаканасці, украінскі наступ замарудзіўся.

Па словах крыніцы выдання ў Генеральным штабе Украіны, прэзідэнт Зяленскі ўсё яшчэ настойвае на максімальным прасоўванні, але Сырскі асцярожнічае, засяродзіўся на пашырэнні флангаў уздоўж мяжы, каб стварыць больш абароненыя лініі.

«Сырскі не дурань… Ён ведае, што празмернае прасоўванне паставіць пад удар усю аперацыю», — запэўніла выданне крыніца з атачэння галоўкама.

@nashaniva На Куршчыне заўважылі беларускі танк з БЧБ #беларусь #россия #украина #україна #курск #белгород #суджа #всу #зсу #полккаліноўскага #нашаніва ♬ DEVIL SOUL - Phonk Killer

Каля райцэнтра Коранева разбілі яшчэ адну вялікую калону расійскай тэхнікі — Z-блогеры

У пуцінскай адміністрацыі прыдумалі параўноўваць цяперашнія падзеі ў Курскай вобласці з бітвай на Курскай дузе

УСУ праніклі ў Курскую вобласць 

«Мы ўвайшлі лёгка, практычна без супраціву». Што гавораць пра аперацыю УСУ ў Курскай вобласці яе ўдзельнікі

Антось Жупран