У Гродне суд ануляваў продаж кватэры падазраванай па «экстрэмісцкім артыкуле»

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна задаволіў пазоў пракуратуры аб прызнанні несапраўднай угоды аб продажы кватэры падазраванай па «экстрэмісцкім» артыкуле. На публікацыю на сайце Генпракуратуры звярнуў увагу Reform.news.

19.08.2024 / 13:14

Ілюстрацыйнае фота Генпракуратуры

Паводле версіі пракурораў, жанчына «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці» ў 2021-2023 гадах. У снежні 2023 года ў дачыненні да яе была заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Яна з'ехала з Беларусі.

«Разумеючы проціпраўнасць сваіх дзеянняў і няўхільнасці пакарання за іх, яна яшчэ ў красавіку 2021 года аформіла даверанасць на свайго брата для продажу кватэры, якая знаходзіцца ў яе ўласнасці. Мужчына ў сакавіку 2023 года заключыў дагавор куплі-продажу кватэры, якая належыць сястры, са сваім бацькам. Як вынік — жылое памяшканне было прададзена за тры тысячы рублёў. Названыя абставіны сведчаць аб фіктыўным характары заключанай здзелкі, якая была здзейсненая з мэтай пазбягання звароту спагнання на маёмасць абвінавачанай», — паведамілі ў пракуратуры.

У выніку пракуратура звярнулася ў суд, які задаволіў яе пазоў. Рашэнне суда ўступіла з законную сілу.

Следчы камітэт наклаў на кватэру арышт у мэтах «забеспячэння магчымых маёмасных спагнанняў, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, забеспячэння спецыяльнай канфіскацыі».

Nashaniva.com