Беларуску ў Польшчы не пусцілі на борт Ryanair з праязным дакументам. Але яна змагла дамагчыся кампенсацыі

Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzic Pic апублікаваў гісторыю чытачкі, якая сутыкнулася ў праблемамі падчас паездкі на Кіпр з праязным дакументам.

19.08.2024 / 14:53

— Я збіралася паляцець у чэрвені на Кіпр да сваёй сястры, якая працуе юрыстам. У мяне праязны дакумент, бо ў майго беларускага пашпарта скончыўся тэрмін. Мы першапачаткова ведалі, што могуць узнікнуць праблемы, аднак вырашылі рызыкнуць. 

Папярэдне я ўсё ж набрала кіпрскую амбасаду ў Варшаве, каб спытаць: ці можна мне перасякаць мяжу з праязным дакументам? Мне адказалі: «На жаль, гэтае пытанне вельмі часта паступае да нас ад грамадзян Беларусі, але мы праўда не ведаем, ці пусцяць вас, бо мы неаднаразова пісалі кіпрыётам, каб яны нам гэта патлумачылі».

«Хех, кіпрыёты», — падумала я і ўсё роўна купіла білет. З багажом ён абышоўся мне ў 70 еўра. Зваротны білет на ўсялякі выпадак не брала. 

І вось дзень вылету. Я пайшла да стойкі рэгістрацыі, папярэдне ўдакладніўшы ў работнікаў Ryanair, ці ўсё ок з маімі дакументамі. Яны адказалі, што праблем быць не павінна. Я выдыхнула і пайшла далей.

Паспяхова прайшла security check, мытню і села чакаць самалёт ля гейта.

Бліжэй да пасадкі я пачула, што супрацоўнікі Ryanair па гучнагаварыцелі запрашаюць мяне да стойкі.

Яны сказалі, што я не магу перасякаць мяжу з праязным дакументам і ДНЖ, але ёсць два варыянты: 

Мы спрабавалі спрачацца, але яны былі непахісныя і не пусцілі мяне ў самалёт. 

Пасля гэтага мая сястра склала ім вялікі ліст, у якім мы падрабязна апісалі, што адбылося. 

Чытачка паказала вытрымкі з гэтага ліста. У ім спасылаюцца на інфармацыю аб паездках для замежных наведвальнікаў на сайце кіпрскай амбасады. А менавіта, што «асобы, якія маюць дазвол на жыхарства, выдадзены адной з дзяржаў — членаў Шэнгенскага пагаднення, не маюць патрэбы ў кароткатэрміновай візе для ўезду на Кіпр на тэрмін знаходжання, які не перавышае 90 дзён на працягу любога 180-дзённага перыяду» (у беларускі ёсць польскі ДНЖ). А таксама на тлумачэнне польскага МУС, што праязны дакумент замежніка пацвярджае асобу і дазваляе перасякаць мяжу.

Акрамя таго, адзначаецца ў лісце, у дырэктыве ЕС аб стандартах кваліфікацыі грамадзян трэціх краін або асоб без грамадзянства ў якасці бенефіцыяраў міжнароднай абароны проста гаворыцца, што праязны дакумент замежніка прызначаны для паездак за межы краіны.

У канцы аўтар папрасіла даць пісьмовае тлумачэнне прычын, па якіх беларусу з праязным дакументам замежніка не дазволілі ўехаць у Рэспубліку Кіпр, уключаючы спасылкі на адпаведныя прававыя акты. А таксама правесці поўнае пакрыццё сродкаў.

Што было далей?

— Мне давялося доўга чакаць адказу, таму я раю перыядычна іх пінгаваць, — працягвае чытачка. — Але ў выніку яны мне адказалі, што выплацяць кампенсацыю 400 еўра і кошт квітка ў поўным памеры. Грошы абяцалі перавесці цягам 5-7 дзён. 

Я паўторна спытала, ці магу я ў будучыні лётаць на Кіпр. Мне падалося, яны не хочуць гэта казаць, бо гэта парушэнне маіх правоў і прызнанне памылкі.

Але вось што мне адказалі: «Паколькі мы атрымалі інфармацыю ад нашага іміграцыйнага аддзела, вы маглі падарожнічаць з гэтымі дакументамі. Акрамя таго, рэкамендуем вам звязацца з пасольствам і спытаць іх».

«Збіраюся зноў паляцець на Кіпр у верасні. Думаю яшчэ дамагчыся афіцыйнага ліста з дазволам на праходжанне з праязным дакументам», — падсумавала чытачка.

Nashaniva.com