МУС Літвы патлумачыла, чаму ўзмацнілі праверку эмігрантаў з Беларусі

Літоўскі партал LRT.lt апублікаваў артыкул пра пагрозу інфільтрацыі КДБ у шэрагі беларускіх актывістаў. Сярод іншага аўтары ўзялі каментарый МУС Літвы на гэты конт.

19.08.2024 / 16:45

Вільня, 9 жніўня 2024 года

Намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус паведаміў выданню, што цяпер прашэнні беларусаў на прытулак правяраюцца больш старанна менавіта праз пагрозу інфільтрацыі агентаў КДБ.

«Метады працы рэжыму могуць быць рознымі — гэта могуць быць людзі, укаранёныя з самага пачатку. Можа быць, рэжым выявіў нейкія слабыя месцы, звязаныя з блізкімі, сваякамі, маёмасцю», — сказаў Абрамавічус.

«Тыя, хто хацеў пакінуць краіну, зрабілі гэта адразу [раней]. Усе астатнія правяраюцца вельмі старанна.

Мы больш строга правяраем асоб, якія запытваюць статус уцекача і якія заяўляюць, што яны з'яўляюцца прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі», — дадаў ён.

Nashaniva.com