У Курскую вобласць увайшло танкавае падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў

Адно з падраздзяленняў ЗСУ ў Курскай вобласці — танкавае падраздзяленне «Тур» у складзе 225-га Асобнага штурмавога батальёну (АШБ). Касцяк «Тура» складаюць беларускія добраахвотнікі, піша «Белсат». 

19.08.2024 / 18:02

Відэа, як у Курскую вобласць уварваўся танк пад бел-чырвона-белым сцягам, «Белсату» перадаў беларускі вайсковец з пазыўным «Жэрар», камандзір аддзялення эвакуацыі бранятэхнікі 225-га асобнага штурмавога батальёну ЗСУ.

@nashaniva На Куршчыне заўважылі беларускі танк з БЧБ #беларусь #россия #украина #україна #курск #белгород #суджа #всу #зсу #полккаліноўскага #нашаніва ♬ DEVIL SOUL - Phonk Killer

«Падраздзяленне з беларусамі працуе: трыкалоры падаюць на зямлю, расейцы здаюцца ў палон, а «Ахмат» — проста чай. Дыктатуры абавязкова падуць! І мы ў гэтым бяром непасрэдны ўдзел!» — пішуць танкісты ў тэлеграме. 

Раней выданне распавяло, што ва ўкраінскім 225-м АШБ беларусы стварылі асобнае танкавае падраздзяленне «Тур».

«Камандаванне тое, што ў нас ёсць беларускае падраздзяленне ў 225-м АШБ, успрыняла вельмі пазітыўна і добра. І, дзякуй Богу, гэта дае свае вынікі. Мы паказваем фенаменальны вынік. Камандаванне гэта бачыць і цэніць», — казаў Жэрар, камандзір аддзялення эвакуацыі цяжкай тэхнікі 225-га АШБ.

Увесну гэта падраздзяленне адзначылася тым, што ўпершыню здабыла сучасны расейскі танк Т-90М «Прарыў-3». Гэтая мадыфікацыя — адна з найноўшых расейскіх распрацовак.

«Спадзяюся, што нашая аперацыя з Т-90М «Прарыў-3» застанецца ў гісторыі, таму што гэта сапраўды ўнікальны танк і аперацыя была найскладанейшая. Я вельмі рады, што ў нас атрымалася гэта зрабіць», — казаў Жэрар.

Nashaniva.com