Прэзідэнт Чэхіі выказаўся пра ўмовы ўступлення Украіны ў НАТА
Часовае вырашэнне памежнага пытання, са слоў Пятра Паўла, мае прэцэдэнты ў гісторыі. У прыватнасці, такім быў прыклад мяжы паміж ФРГ і ГДР.
20.08.2024 / 06:52
Петр Павел, фота Matt Rourke / AP
Уступленне Украіны ў НАТА не павінна быць абумоўлена яе поўным кантролем над сваёй тэрыторыяй, заявіў прэзідэнт Петр Павел у інтэрв'ю чэшскім выданням, піша Расійская служба Радыё Свабода.
Ён чакае, што ў бліжэйшыя гады Украіна магла б весці перамовы з Расіяй аб міры. Пагадненне магло б улічваць, што Расія будзе доўгі час акупаваць частку ўкраінскай тэрыторыі. Пры гэтым, Расія не атрымала б ад дэмакратычных дзяржаў згоду на змяненне межаў.
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо два з паловай гады. Баі ідуць не толькі ў межах украінскай тэрыторыі, але і ў Курскай вобласці Расіі. На думку прэзідэнта Чэхіі, такім чынам Украіна спрабуе заняць лепшую пазіцыю для магчымых мірных перамоваў.
Часовае вырашэнне памежнага пытання, са слоў прэзідэнта Чэхіі, мае прэцэдэнты ў гісторыі. У прыватнасці, такім быў прыклад мяжы паміж ФРГ і ГДР.
Так, падзел Германіі не быў прыняты заходнімі дзяржавамі. Усходнюю частку Германіі акупавалі войскі Савецкага Саюза, то заходнія саюзнікі пагадзіліся прыняць у НАТА заходнюю частку Германіі, дзе не было савецкіх войскаў. І гэта адбылося ў 1955 годзе.
Па словах Павела, цяпер ёсць і тэхнічнае, і юрыдычнае рашэнне, якое не дазволіла б Украіне, уступіўшы ў НАТА, стаць прычынай канфлікту паміж НАТА і Расійскай Федэрацыяй.