«Гэта быў квэст — угаварыць хоць адну лякарню горада яго прыняць». Блогерка расказала, як яе родны сутыкнуўся з бясплатнай беларускай медыцынай
Беларуска апублікавала ў Х (твітары) сумны трэд пра беларускую медыцыну.
20.08.2024 / 13:55
Фота: uvdgomel / Telegram
Дзяўчына расказвае, што бацька яе мужа працуе дальнабойшчыкам, і пяць месяцаў таму, калі ён быў у рэйсе, з ім здарылася няшчасце.
16 сакавіка жонцы мужчыны пазванілі і сказалі, што ён ляжыць у рэанімацыі ў Краснадары. Яго знайшлі ноччу каля фуры з траўмамі галавы і спіны, ніхто не ведаў, што здарылася.
Мужчына знаходзіўся ў коме. Калі ён апрытомнеў, мала што памятаў, але сказаў, што выпаў з фуры. Яго жонка ездзіла да яго ў краснадарскую лякарню з Гомеля, і праз месяц, калі яго стан трохі стабілізаваўся, медыкі дазволілі перавезці мужчыну ў Беларусь. Гэта каштавала яго родным 2500 даляраў.
Грошы знайшлі, арганізавалі пераезд на Радзіму, але нашмат складаней аказалася ўгаварыць хоць адну лякарню ў горадзе прыняць такога пацыента. Мужчыну ў цяжкім стане хацелі адправіць у бальніцу райцэнтра, бо ў абласной лякарні, як піша блогерка, «павінен быць абарот бальнічных ложкаў».
«З Расіі ён прыехаў у стане, калі мог сам сказаць нешта, еў з лыжкі і часам адчуваў адну руку, але ніз паралізаваны. Праз тыдзень у гарадской бальніцы яго ўсё ж такі перавялі ў абласную з пролежнямі і пагаршэннямі. Ён ужо тры месяцы там, стан то стабільны, то рэанімацыя», — расказвае блогерка.
Паводле слоў дзяўчыны, бясплатная беларуская медыцына — гэта калі родныя самі павінны купляць трахеастому і памперсы, мыць і даглядаць хворага ў бальніцы, бо санітарак не хапае і за 600 рублёў такую брудную працу ніхто не будзе рабіць.
Блогерка разважае:
«Навошта ім плаціць больш, калі можна проста вінаваціць ва ўсіх праблемах сістэмы платныя клінікі, а людзі няхай загінаюцца? Адны ад нізкіх заробкаў і за***насці, іншыя ад таго, што людзі з такімі заробкамі працаваць будуць адпаведна заробку.
Лекары будуць ігнараваць, таму што ў іх няма часу, іх не хапае на ўсіх. Кіраўніцтва будзе футболіць цябе з аднаго ведамства ў іншае, пакуль ты не знойдзеш больш уплывовага чалавека. А час ідзе, у такой сітуацыі час — самае галоўнае».
У беларускай бальніцы мужчына адмаўляўся есці, а яго і не кармілі, і цяпер у яго зніклі глытальныя рэфлексы. Таксама ён не заўжды ў свядомасці, і агулам яго стан горшы, чым калі яго перавезлі з Краснадара, дзеліцца дзяўчына.
Пры гэтым, піша блогерка, яе сваяка збіраюцца выпісаць, таму што паляпшэнняў няма. Родным мужчыны сказалі самім шукаць для яго сястрынскі шпіталь, бо яму патрэбны бальнічны догляд.
Блогерка падкрэслівае: гэта гісторыя не пра дрэнных лекараў, бо медыкі робяць у цяперашніх умовах усё магчымае.
«23 гады жыву пры Лукашэнку, плакаць хочацца ад шчасця». Магілёўскую прапагандыстку не спыніць