Памёр самы стары чалавек на планеце

Марыя Браньяс Марэра, якая з'яўлялася з 2022 года найстарэйшым жывым чалавекам на Зямлі, памерла ва ўзросце 117 гадоў, пра гэта паведаміла яе сям'я на старонцы ў сацсетцы X.

20.08.2024 / 13:52

Wikimedia Commons

Марыя Браньяс Марэра нарадзілася ў Сан-Францыска 4 сакавіка 1907 года, яна была дачкой журналіста з Памплоны і маці-каталонкі. У дзяцінстве яна пераехала з сям'ёй у Новы Арлеан, дзе яе бацька заснаваў часопіс Mercurio і паспяхова выдаваў яго для іспанамоўных амерыканцаў.

У 1915 годзе сям'я прыняла рашэнне вярнуцца ў Іспанію, аднак бацька памёр ад сухотаў проста на караблі. Гуляючы са сваімі братамі, Браньяс звалілася з верхняй палубы на ніжнюю, страціўшы слых на адно вуха.

Маці з дачкой пасялілася ў Каталоніі, дзе Марыя ў 1931 годзе выйшла замуж за доктара Жаана Марэта. Падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі яна працавала побач з ім у якасці медсястры ў палявым шпіталі ў Трухільё.

У іх было трое дзяцей, адзінаццаць унукаў і трынаццаць праўнукаў. У 1990-я гады Марыя Браньяс падарожнічала па Егіпце, Італіі, Нідэрландах і Англіі, займалася шыццём, музыкай і чытаннем. З 2000 года жыла ў доме састарэлых у Олаце.

У 2019 годзе Марыя адказала на пытанне аб тым, як яна ўспрымае тэхнічныя, сацыяльныя і грамадскія змены за доўгія гады свайго жыцця: адбыліся татальныя змены, у тым ліку і прагрэсіўныя. Усё прайшло доўгі шлях, асабліва тое, як людзі маюць кантактаваць дзін з адным. Цяпер гэта лёгка, а раней было цяжка».

У красавіку 2020 года ў доўгажыхаркі выявілі лёгкую форму кавіду: у яе развілася інфекцыя мочавыводных шляхоў, і яна адчула недамаганне, але не выяўляла звычайных сімптомаў, такіх як ліхаманка і дыхавіца. Яна была змешчана ў каранцін у сваім пакоі і пераадолела хваробу без шпіталізацыі.

Nashaniva.com