Расія выявіла «масавыя парушэнні» ў армянскім каньяку пасля заяў Пашыняна аб выхадзе з АДКБ
Амаль 90% армянскіх каньякоў, якія пастаўляюцца ў Расію, «не адпавядаюць стандартам якасці».
20.08.2024 / 14:33
Gazeta.ru
Прычым палова прадукцыі з'яўляецца падробкай, паколькі змяшчае невінаградныя спірты. Такія звесткі прыводзяцца ў сумесным даследаванні асацыяцыі «Антыкантрафакт» і Саюза вытворцаў каньяку, піша Moscow Times.
Для аналізу былі ўзятыя 200 узораў каньяку больш за 20 гандлёвых марак ад дзесяці найбуйнейшых армянскіх вытворцаў, якія адправілі ў лабараторыю Усерасійскага НДІ піваварнай, безалкагольнай і вінаробнай прамысловасці. «У 177 з іх, гэта значыць у дзевяці з дзесяці ўзораў, выявілі парушэнні. А амаль у палове выявілі спірты невінаграднага паходжання. < … > Толькі 23 узоры аказаліся цалкам адпаведнымі ГОСТам і заканадаўству Расіі», — гаворыцца ў даследаванні. Назвы брэндаў не прыводзяцца.
Гендырэктар «Антыкантрафакту» Крысціна Скрыпнік адзначыла, што 89% узораў не адпавядалі норме па арганалептычных паказчыках (смак, колер, празрыстасць) і па змесце лятучых кампанентаў, якія фарміруюць букет. А падмена каньячнага дыстыляту неўстаноўленым спіртам наогул не дае права называць такую прадукцыю каньяком. Скрыпнік назвала вынікі даследавання «шакуючымі», а паказчыкі фальсіфікату «зашкальваюць».