Лукашэнку запрасілі на канферэнцыю ААН у Батсване

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш накіраваў запрашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі для ўдзелу беларускай дэлегацыі ў 3-й Канферэнцыі ААН для краін, якія развіваюцца і таксама не маюць выхаду да мора.

20.08.2024 / 14:52

Батсванскія сланы ў чаканні канферэнцыі ААН. Фота: AP Photo/Charmaine Noronha/File

Форум плануецца правесці ў снежні бягучага года ў Батсване. Пра гэта ў адказе на пытанне БелТА заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш накіраваў адпаведныя запрашэнні на імя кіраўніка нашай дзяржавы. І ў сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў нашу цікавасць. Звязаны ён з тым, што як Беларусь, так і іншыя краіны, якія не маюць выхаду да мора, сутыкаюцца з аднолькавымі выклікамі. Усе мы вельмі ўразлівыя да дзеянняў сваіх суседзяў — прыморскіх дзяржаў. А Беларусь яшчэ і ў поўнай меры на сабе адчувае наступствы незаконных дзеянняў шэрагу краін, якія абмяжоўваюць прадугледжанае Канвенцыяй ААН права нашай краіны на выхад да мора і транзіт», — сказаў прадстаўнік МЗС.

«Таму, вядома, мы плануем прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай канферэнцыі на ўзроўні кіраўніцтва МЗС», — заявіў Анатоль Глаз.

На форуме Беларусь мае намер «строга паставіць» пытанне аб прымусе шэрагу дзяржаў да выканання імі сваіх міжнародных абавязацельстваў у рамках дзеючых прававых дакументаў.

Nashaniva.com