Галоўны палітаглядальнік Bild заклікаў урад Германіі пайсці ў адстаўку
З такім зваротам выступіў кіраўнік палітычнай рэдакцыі Bild Ян Шэфер. Ён лічыць, што кіроўная «святлафорная» кааліцыя з СДПГ, «Зялёных» і СвДП вычарпала сябе.
20.08.2024 / 15:35
Олаф Шольц. Фота: Michael Sohn / AP
«Канцлер і міністры ўвесь час заклікаюць грамадзян да смеласці: на працы, у валанцёрскай дзейнасці, у вольны час. За асаблівую адвагу прэзідэнт нават узнагароджвае ордэнамі. На жаль, «светлафорныя» міністры далёкія ад таго, каб атрымаць такія ордэны. Бо тое, што робяць СДПГ, «Зялёныя» і СвДП, — зусім не адважна. Гэта ганебна!
За 13 месяцаў да наступных чарговых выбараў у Бундэстаг усім ясна: «святлафор» вычарпаў сябе, далей нельга! Але ні ў кога не хапае смеласці выйсці з кааліцыі. Каб Германія заставалася стабільнай. Якое абсурднае абгрунтаванне. Усё ідзе роўна наадварот!
Германія з кожным днём становіцца ўсё больш нестабільнай. З-за спрэчак, блакавання ініцыятыў адзін аднаго і зігзагападобнай палітыкі «святлафор» зацягвае краіну ўсё глыбей і глыбей у крызіс. Палітыка «далей гэтак жа» не робіць нічога лепш, толькі горш! «Будучыня робіцца з смеласці», — такі калісьці быў дэвіз «Зялёных». Цяпер Германіі патрэбна смеласць, каб яе будучыня была добрай. Таму, дарагія «святлафорныя» партыі: набярыцеся смеласці, сыдзіце ў адстаўку!», — напісаў Ян Шэфер.