У гімназіі-каледжы мастацтваў у Мінску задыміўся ўцяпляльнік пад плітамі з роспісам Алеся Пушкіна
Прычынай задымлення стала мікрабіялагічнае самазагаранне. То-бок біялагічная актыўнасць грыбкоў, на думку эксперта, выклікала павышэнне тэмпературы.
20.08.2024 / 15:43
Фота: Minsknews.by
У гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка («Парнаце») задыміўся ўцяпляльнік пад навясной столлю ў фае аднаго з будынкаў. Пра выпадак напісалі Мінск-навіны.
Работніца ўстановы адукацыі, закрытай на капітальны рамонт, убачыла задымленне і выклікала службу выратавання. Супрацоўнікі МНС выявілі тры ізаляваныя зоны са слядамі тлення ўцяпляльніка. Яны ўзялі ўзоры матэрыялу ДВП для правядзення судовай пажарна-тэхнічнай экспертызы, — распавяла выданню афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення.
Эскперт знайшоў унутры фрагментаў ДВП сляды жыццядзейнасці мікраарганізмаў у выглядзе грыбка і цвілі зялёнага колеру. Прычынай задымлення стала мікрабіялагічнае самазагаранне. То-бок біялагічная актыўнасць грыбкоў, паводле эксперта, выклікала павышэнне тэмпературы.
«Мікрабіялагічнае самазагаранне, — паведамляе выданне, — характэрна для арганічных дысперсных і кудзелістых матэрыялаў, усярэдзіне якіх магчымая жыццядзейнасць мікраарганізмаў. Іх першаснае саманаграванне адбываецца за кошт цяпла, якое выдаткоўваецца мікраарганізмамі, а выкліканае ім павышэнне тэмпературы спрыяе паскарэнню экзатэрмічнай рэакцыі, якая можа скончыцца ўзнікненнем гарэння ў самой нагрэтай частцы аб’ёму. Рост тэмпературы, звязаны з біялагічнай актыўнасцю грыбкоў, вызначаецца рознасцю паміж хуткасцю вылучэння цяпла і цепластратамі».
Хоць імя Пушкіна ў допісе, натуральна, няма, на фатаграфіях, якімі ілюструецца здарэнне ў гімназіі-каледжы, — пліты ДВП з роспісам Алеся Пушкіна, выкананым ім у якасці дыпломнай работы па заканчэнні Беларускай акадэміі мастацтваў (тады тэатральна-мастацкага інстытута) у 1990 годзе. За гэтую працу ён быў рэкамендаваны ў Саюз мастакоў Беларусі, адзначае Reform.news.
Фота: Minsknews.by
Алесь Пушкін вучыўся ў гэтай школе з 6 па 11 клас. Кампазіцыя яго дыплома, выкананага па заканчэнні мастацкага ВНУ, складаецца з трох частак: столь, цэнтральная сцяна і бакавыя сцены. На столі — бацькі-заснавальнікі беларускага прафесійнага жывапісу і прафесійнай музыкі. А таксама — постаці, важныя, на думку аўтара, для любога беларускага мастака, сярод якіх знайшлося месца Леанарда да Вінчы, Чурлёнісу, Уладзіміру Караткевічу, Міхаілу Клеафасу Агінскаму, Скарыне і іншым знакавым асобам. Там жа і сімвал пакут — распятая жанчына, і анёл, які абвяшчае аб тым, што прыйдзе Збавіцель.
На сценах — мастакі-выкладчыкі і навучэнцы. Ёсць нават сцэна выгнання са школы.
Цяпер лёс роспісаў няпэўны. На здымках відаць, што пліты моцна пашкоджаныя. Хто цяпер зоймецца іх рэстаўрацыяй, таксама невядома.