Гарадзенец вырашыў, што ягоныя нажы ўжо кепскія, і выкінуў іх з балкона. Адзін з нажоў трапіў у пенсіянерку

Мужчына, выпіўшы, правёў інвентарызацыю кухонных прыбораў. А скончылася ўсё крымінальнай справай.

20.08.2024 / 16:57

Фота: СК

14 жніўня ў міліцыю звярнулася 76-гадовая жыхарка Гродна. Жанчына гуляла па вуліцы, калі ў яе раптам прыляцеў нож. На шчасце, нож ударыў пенсіянерку не лязом, а ручкай — усё абышлося гематомай.

Неўзабаве сілавікі знайшлі гаспадара нажа — 41-гадовага мясцовага жыхара. Ён распавёў, што, выпіўшы, выйшаў на балкон праінспектаваць якасць сваіх нажоў, піша NewGrodno.by.

Стан нажоў яго не задаволіў, таму ён вырашыў адразу ж выкінуць прыборы з балкона. 

Як паведамляе СК, мужчына раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад аліментаў. Цяпер ён нідзе не працуе.

На гарадзенца пачалі крымінальную справу за хуліганства.

Nashaniva.com