З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў

Прапагандысты зрабілі інтэрв'ю з некаторымі вызваленымі палітвязнямі, указ пра памілаванне якіх Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 жніўня. 

20.08.2024 / 19:33

На свабоду выйшла Ксенія Луцкіна. Скрыншот з відэа тэлеканала Беларусь 1

Як вынікае з сюжэту, сярод вызваленых — Ксенія Луцкіна, Ірына Санкоўская, Вольга Новікава.

Ксенія Луцкіна — былая журналістка БТ, якой прысудзілі 8 гадоў калоніі. Яна мае цяжкае захворванне — пухліну ў галаўным мозгу, пакутуе ад невыносных боляў. 

59-гадовая Ірына Санкоўская была асуджана ў снежні 2023 года на паўтара года калоніі за каментары пра Лукашэнку і «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Ёй удалося выйсці на тры месяцы раней.

Вользе Новікавай 31 год. У 2022 годзе яна была затрыманая за ўдзел у пратэстах 2020 года і асуджаная па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Прысуд праваабаронцам невядомы. 

Яе 35-гадовы муж Віктар Новікаў таксама быў вызвалены па памілаванні, але яшчэ 3 ліпеня. Новікавы правялі за кратамі больш чым па 2 гады, іх тэрмін неўзабаве мусіў сканчацца.

16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў — 16 мужчын і 14 жанчын. 

У ліпені стала вядома пра выхад з калоній 18 палітвязняў. Іх імёны вядомыя толькі часткова — былі апублічаныя Рыгор Кастусёў, Дар’я Лосік, Паліна Палавінка і яшчэ некалькі чалавек.

Nashaniva.com