Хто такія інцэлы і ці іх агрэсія сапраўды стала праблемай

Жанчынаненавісніцтва існавала заўсёды, хоць было выкліканае рознымі прычынамі і прымала розныя формы. Інцэлы — новая яго варыяцыя. 

20.08.2024 / 22:59

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Супраць расійскага інцэла-актывіста Аляксея Паднябеснага завялі крымінальную справу. Гэта стала вынікам звароту ў праваахоўныя органы кіраўніцы «Лігі бяспечнага інтэрнэту» Кацярыны Мізулінай, якая звярнула ўвагу на кампраметуючае мужчыну відэа.

На ім 46-гадовы Паднябесны цалуецца з 15-гадовай школьніцай і мацае яе грудзі. Сам Паднябесны сцвярджае, што нічога з дзяўчынай у яго не было.

У гэтай гісторыі звярнула на сябе ўвагу характарыстыка мужчына як «інцэла». Што гэта значыць?

З'яўленне тэрміна

Тэрмін «інцэл» паходзіць ад англійскай абрэвіятуры incel, якая азначае «нядобраахвотны цэлібат (устрыманне ад сэксу)» (involuntary celibates). Лічыцца, што гэты тэрмін прыдумала жыхарка Канады Алана ў 1997 годзе, якая вяла блог аб сваім досведзе жыцця без шлюбу і сэксу пад назвай «Involuntary celibates».

Да інцэлаў дзяўчына аднесла людзей, якія ніколі не былі ў адносінах і былі неспрактыкаваныя ў знаёмствах, бо лічылі, што ім перашкаджаюць нясмелы характар ці фізічная непрывабнасць.

Інцэлы і фемцэлы

З цягам часу гэты тэрмін распаўсюдзіўся сярод анлайн-аўдыторыі. Інцэламі сталі называць сябе гетэрасэксуальныя мужчыны, якія лічаць, што не могуць знайсці сэксуальнага партнёра ад таго, што жанчыны не звяртаюць на іх увагі, не лічаць іх вартымі.

Прычыну няўдач з супрацьлеглым полам яны тлумачаць асаблівасцямі свайго выгляду і арыентацыяй жанчын на «альфа-самцоў». Інцэлы мяркуюць, што ў сучасным грамадстве прыярытызуюць патрэбы і перавагі жанчын, а не мужчын.

Інцэлы прасоўваюць ідэю аб пазбаўленні жанчын права адмаўляць мужчынам у інтымнай сувязі.

Праз некаторы час з'явіўся тэрмін «фемцэл» для характарыстыкі жанчын, якія лічаць сябе няздольнымі мець адносіны з супрацьлеглым полам з-за свайго выгляду, а таксама з-за распаўсюджанага ў грамадстве культу пэўнага тыпу жаночай прыгажосці, у выніку якога на «непрыгожых жанчын» мужчыны ўвагі не звяртаюць.

Інцэлы і фемцэлы, як заўважаюць спецыялісты, хоць і маюць аднолькавае жаданне быць у адносінах, па-рознаму змагаюцца з адзінотай. Мужчыны выбіраюць агрэсіўны стыль паводзін адносна супрацьлеглага полу і нярэдка ўжываюць гвалт.

Агрэсія інцэлаў

Вядома як мінімум чатыры выпадкі масавых забойстваў у ЗША, учыненых мужчынамі, што самаідэнтыфікавалі сябе як інцэлы. Найбольш гучны адбыўся ў 2014 годзе, калі студэнт Эліят Роджэр здзейсніў шэраг нападаў у Айла-Вісце (Каліфорнія), у выніку якіх загінула шэсць чалавек і чатырнаццаць атрымалі раненні. Пасля студэнт забіў сябе.

Перад нападамі Роджэр апублікаваў на YouTube відэа, дзе выказаў свой намер «пакараць» жанчын за адсутнасць цікавасці да яго, а заадно і мужчын, на якіх гэтыя жанчыны западаюць. Перад злачынствам хлопец адправіў электронны ліст з маніфестам на 137 старонак, дзе апісаў сваё жыццё цнатліўца-ізгоя.

Інцэлы ў Беларусі

Да маніфеста Роджэра адсылаў у сваім фільме «Беларускі псіхапат», знятым у 2015 годзе, рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі. У апісанні гэтага артхаўснага фільма пазначалася: «Што будзе, калі на адной дачы пакінуць інцэла-псіхапата і трох малазнаёмых жанчын? Вольны перанос на беларускую глебу маніфеста амерыканскага масавага стралка Эліята Роджэра».

Фота: сайт анлайн-кінатэатра VODBLISK

На ютуб-канале Паднябеснага размешчаны некалькі відэа размоваў з жыхаром Беларусі Аляксандрам Шабуневічам (прынамсі, так мужчына быў падпісаны на адным з відэа). Яны запісаны каля трох гадоў таму і маюць назву «Беларускі інцэл».

Слова «інцэл» вядома і беларускай прапагандзе, якая ставіць прадстаўнікоў гэтай субкультуры ў адзін шэраг з чайлдфры, педафіламі і бойлаверамі. Наўрад ці яны, аднак, да канца разумеюць, пра каго і пра што гавораць. Хутчэй, яны працуюць на страхах старэйшай часткі грамадства перад усімі новымі паняццямі.

Жанчынаненавісніцтва існавала заўсёды, хоць было выкліканае рознымі прычынамі і прымала розныя формы. Інцэлы — проста новая яго варыяцыя, спароджаная сучаснымі еўрапейскім і амерыканскім грамадствам, у якім жанчыны сталі больш самастойнымі, а шлюбы і партнёрствы часцей заключаюцца па каханні, а не па разліку ці ў выніку дамоўленасці сямей. У кожным разе, канкурэнцыю ў барацьбе за самак і самцоў прырода яшчэ не адмяніла, нават у чалавечай папуляцыі. І гэтая канкурэнцыя ўсё ж стымулюе чалавека рабіцца лепшым і працаваць над сабой.

Хто такія скуфы і ці жывуць яны ў Беларусі?

Хто такія туарэгі, якія разграмілі калону вагнераўцаў? І за што яны ваююць?

«У мяне не было сэксу два гады, нягледзячы на колькасць ахвотных са мной пераспаць». Беларуска расказала, чаму жыве без інтыму

Nashaniva.com