Літва будуе вайсковую базу для бундэсвера каля Беларусі

Вайсковае мястэчка для нямецкіх вайскоўцаў пабудуюць у Руднінкаі за 20 км ад мяжы з Беларуссю. На базе размесцяць да 4000 салдат і афіцэраў.

20.08.2024 / 23:29

На Руднінкайскім палігоне пабудуюць ваенны гарадок: тут ужо была закладзена капсула. Фота: Мінабароны Літвы

У Літве пачалося будаўніцтва вайсковай базы, на якой плануецца размясціць да 4000 нямецкіх вайскоўцаў, паведаміў у панядзелак, 19 жніўня, брыгадны генерал Раймундас Вайкшнарас, камандуючы літоўскімі ўзброенымі сіламі, піша DW. 

«Сёння гістарычны дзень, праз некалькі гадоў будзе пабудаваны адзін з найбуйнейшых праектаў у гісторыі незалежнай Літвы — дастаткова сучаснае вайсковае мястэчка», — сказаў ён.

Мястэчка плошчай 170 гектараў будзе дыслакавацца на палігоне Руднінкай, які знаходзіцца ў 20 км ад мяжы з Беларуссю. На базе, у прыватнасці, абсталююць стрэльбішчы, а таксама размесцяць і будуць абслугоўваць танкі і іншую тэхніку. 

Па словах Раймундаса Вайкшнараса, кошт узвядзення базы перавысіць 1 млрд еўра. Гэта будаўніцтва стане адным з найбуйных праектаў у гісторыі незалежнай Літвы.

«Брыгада паслужыць гарантыяй для нашага насельніцтва і стрымліваннем для расейцаў», — адзначыў генерал. 

Германія адправіць у Літву брыгаду бундэсвера

Урад Германіі на фоне поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны вырашыў умацаваць усходні фланг НАТА і размясціць у Літве на пастаяннай аснове брыгаду бундэсвера колькасцю каля 5000 чалавек. Яна павінна дасягнуць стану поўнай боегатоўнасці да 2027 года і будзе налічваць каля 4800 салдат і афіцэраў бундэсвера, а таксама 200 грамадзянскіх служачых, якія атрымаюць магчымасць прывезці ў Літву свае сем'і. 

Большую частку салдат плануюць дыслакаваць на вайсковай базе ў Руднінкаі, яшчэ каля 1000 чалавек будуць размешчаны на іншых аб'ектах у Літве.

Nashaniva.com