Крайні цынізм прапаганды: «Беглыя не напісалі ніводнага ліста палітзняволенай». А як насамрэч

Лукашэнкаўскія прапагандысцкія СМІ і суполкі знайшлі новую нагоду для здзекаў. Яны спрабуюць давесці, што палітвязням ніхто не піша, дый увогуле ўсе пра іх забыліся. У якасці пацвярджэння прыводзяцца словы вызваленай палітзняволенай, якая кажа што атрымлівала лісты «ад мамы, ад сястры, ад блізкіх сваякоў».

21.08.2024 / 12:09

Ілюстрацыйнае фота.

Цынізм сітуацыі ў тым, што пачынаючы з лютага 2022 года — часу правядзення рэферэндуму і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне — палітвязням аддаюць лісты, адпраўленыя толькі блізкімі сваякамі. Атрымаць карэспандэнцыю ад бацькоў, жонкі/мужа, дзяцей, братоў і сясцёр можна. А вось ад любога сябра — нельга.

Па законе ў выпадку, калі цэнзар вырашыў, што ліст аддаваць нельга, канверт павінны адправіць назад. Аднак у беларускіх калоніях адбываецца іначай — такія лісты проста знішчаюцца, а палітвязню нават не паведамляюць, што яму напісаў нехта з сяброў.

Для Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і яшчэ прыкладна 10-20 чалавек стварылі яшчэ горшыя ўмовы — ім не аддаюць нават лісты, адпраўленыя блізкімі сваякамі.

Таму прапаганда ў чарговы раз хлусіць. Палітвязням не «не пісалі лісты». Палітвязням не аддавалі лісты.

Nashaniva.com