Як памылка генерала зрабіла мяжу Расіі ўразлівай

Уварванне Украіны на расійскую тэрыторыю закранула слабое месца Масквы — планаванне на выпадак непрадбачаных абставін.

21.08.2024 / 14:06

Расійскія вайскоўцы, захопленыя ў палон у Курскай вобласці. 14 жніўня 2024 года. Фота: СБУ

Як піша The Wall Street Journal, вясной гэтага года генерал Аляксандр Лапін, які курыраваў бяспеку ў Курскай вобласці, прыняў рашэнне распусціць міжведамасную раду па пытаннях абароны гэтага памежнага рэгіёна.

Па словах прадстаўніка расійскіх службаў бяспекі, Лапін сказаў, што толькі ў ваенных ёсць сілы і рэсурсы для абароны мяжы Расіі.

Невядома, ці магла б дапамагчы распушчаная Лапіным міжведамасная рада, якая аб'ядноўвала вайскоўцаў з мясцовымі і рэгіянальнымі сілавікамі, арганізаваць узгоднены адказ на атаку. Але без цэнтралізаванага органа, заўважае выданне, намаганні Масквы па выцясненні войск Кіева да гэтага часу былі хаатычнымі і неэфектыўнымі.

Генерал Аляксандр Лапін. Скрын відэа: UKRAINETODAY24 / YouTube

У выніку расійскія сілавыя ведамствы, такія, як МУС і ФСБ, якія адказваюць за ўнутраную бяспеку, і Міністэрства абароны, якое адказвае за баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, вымушаныя змагацца за лідарства ў дзеяннях адказу на ўкраінскую атаку.

Зразумела, піша выданне, што не адзін Лапін вінаваты ў слабым стане памежнай абароны Расіі, якая дазволіла ўкраінскім войскам хутка прасунуцца ў Курскай вобласці. Але яго памылка характэрна для вышэйшага кіраўніцтва, якое часта адарванае ад рэалій, што адбываюцца на полі бою.

З самага пачатку канфлікту цэнтралізаванае мысленне «зверху ўніз» — адна з вызначальных рыс Расіі пры прэзідэнце Уладзіміру Пуціне — дало адваротны эфект на полі бою. Яно перашкаджала цвярозаму планаванню ў Крамлі, а калі планы правальваліся, не дазваляла расійскім войскам імправізаваць, каб рэагаваць на хуткае развіццё падзей.

Як заўважае выданне, у дні, якія папярэднічалі ўварванню ўкраінскіх войск, камандаванне Лапіна адпраўляла ў Маскву паведамленні з папярэджаннем, што УСУ нарошчваюць сваю колькасць. Але гэты трук, як расказалі людзі, знаёмыя з пагранічнымі манеўрамі, ужо прымяняўся абодвума бакамі ў якасці тактыкі псіхалагічнай вайны, і Масква праігнаравала папярэджанні.

Нягледзячы на ​​разведданыя аб ваенных перамяшчэннях, войскі пад камандаваннем Лапіна не распачалі дзеянняў па ўмацаванні абарончых ліній або ўстаноўцы мін, як гэта зрабілі расійскія салдаты ў мінулым годзе, каб перашкодзіць буйному і шырока анансаванаму ўкраінскаму контрнаступленню.

Калі ўкраінскія салдаты ўвайшлі ў нейтральную паласу паміж Украінай і Расіяй, яны не сустрэлі супраціўлення, а ўнутры Расіі не было ніякіх сіл тэрытарыяльнай абароны, якія маглі б іх затрымаць.

УСУ выкарыстоўвалі электронныя перашкоды для адключэння сувязі, у выніку чаго расійскія падраздзяленні не маглі звязацца з камандаваннем. Лёгкаўзброеныя расійскія войскі апынуліся ў пастцы за лініяй фронту і рассеяліся ў лесе. Некаторыя з іх аказалі лакальнае супраціўленне, але сотні расійскіх салдат, многія з якіх былі салдатамі тэрміновай службы, проста здаліся ў палон.

Выданне адзначае, што правал у Курскай вобласці не першы выпадак, калі дрэннае планаванне і недахоп байцоў сышліся пад камандаваннем Лапіна. У пачатку верасня 2022 года абрынулася лінія абароны расійскіх войскаў на паўночным усходзе Украіны. Тады УСУ атрымалася адваяваць тысячы квадратных кіламетраў.

Пасля таго фіяска Рамзан Кадыраў патрабаваў адстаўкі Лапіна. Некаторыя расійскія вайсковыя карэспандэнты палічылі крытыку несправядлівай, паколькі генерал быў толькі нядаўна перакінуты ў гэты раён. Тым не менш, неўзабаве афіцэр быў зняты з пасады, а праз некаторы час ізноў прызначаны намеснікам камандуючага расійскімі войскамі ва Украіне.

Цяпер, спрабуючы атрымаць перавагу на сваёй тэрыторыі, Расія перакідвае частку сіл з усходняй Украіны, нават калі гэта азначае адцягненне асабовага складу з лініі фронту.

Няўдалы адказ паказаў, што ўварванне Украіны на расійскую тэрыторыю закранула слабое месца Масквы — планаванне на выпадак непрадбачаных абставін.

У Крамлі лічаць, што баі ў Курскай вобласці працягнуцца некалькі месяцаў

«Ахматавец проста збег разам з намі, камандзіры нас кінулі». Аповед палоннага расійскага салдата з-пад Суджы

Пасля крытыкі Кадырава знялі з пасады генерала Лапіна, які камандаваў групоўкай расійскіх войскаў «Цэнтр»

Nashaniva.com