Джоан Роўлінг выдаліла 27 твітаў пасля скаргі алжырскай баксёркі Іман Хеліф
Слынная пісьменніца нічога не посціць у сацсетцы X ужо амаль два тыдні.
21.08.2024 / 13:59
Джоан Роўлінг. Фота: Bruce Glikas / Bruce Glikas / FilmMagic / Getty Images
Пісьменніца Джоан Роўлінг выдаліла са свайго акаўнта ў сацсетцы Х (ранейшы Twitter) 27 пастоў і не публікуе твіты з 7 жніўня. На гэта, у прыватнасці, звярнуў увагу амерыканскі актывіст Трэвіс Экерс, піша «Медуза».
Роўлінг згадвалася ў скарзе, якую да сацсеткі X у сярэдзіне жніўня падала алімпійская чэмпіёнка ў боксе з Алжыра Іман Хеліф. Баксёрка падвергнулася цкаванню пасля таго, як адна з суперніц на Алімпійскіх гульнях у Парыжы — італьянка Анджэла Карыні — адмовілася працягваць паядынак з ёй і заявіла, што яе «ніколі не білі так моцна». Пасля гэтага ў сацсетках пачалі пісаць, што Хеліф, нібыта будучы мужчынам, спаборнічае з жанчынамі.
Роўлінг апублікавала фота Карыні, што плакала, і Хеліф. Пісьменніца суправадзіла пост подпісам, у якім, у прыватнасці, гаварылася пра «ўхмылку мужчыны, які знаходзіцца пад абаронай жанчынаненавісніцкага спартыўнага істэблішменту і атрымлівае асалоду ад пакут жанчыны, якую ён толькі што ўдарыў у галаву і чые мары ён толькі што разбурыў».
У скарзе, пададзенай Хеліф, таксама фігураваў Ілан Маск, які валодае сацсеткай X, ён рэпоснуў твіт плыўчыхі Райлі Гейнс, у якім гаварылася, што «мужчынам не месца ў жаночым спорце», суправадзіўшы яго подпісам «абсалютна».
Алжырская баксёрка, якая падвергнулася цкаванню, падала пазоў на Джоан Роўлінг і Ілана Маска
Беларусы збіраюць подпісы, каб брытанцы дазволілі выдаць «Гары Потэра»