Мінчук прапрацаваў толькі адзін дзень і звольніўся. З яго спагналі 12 800 рублёў

У пракуратуру Партызанскага раёна Мінска паступіла хадайніцтва ўстановы адукацыі, у якой раней навучаўся хлопец. Яны падалі пазоў у суд з прычыны адмовы маладога чалавека добраахвотна пакрыць сродкі, затрачаныя на яго навучанне.

21.08.2024 / 15:12

У 2023 годзе пасля сканчэння навучальнай установы яго размеркавалі на адно з прадпрыемстваў сталіцы. Прапрацаваўшы ўсяго адзін дзень, малады спецыяліст вырашыў, што праца не адпавядае яго жаданням. Ад пераразмеркавання ён таксама адмовіўся.

Як вынік — звальненне і ліст з прапановай аплаціць дзяржаве звыш 12,8 тыс.рублёў.

На судзе адказчык патрабаванні прызнаў, шкадуючы пра ўчынак.

Але рашэннем суда пазоўныя патрабаванні пракуратуры задаволены ў поўным аб'ёме. Рашэнне ўступіла ў законную сілу, паведамляе Генпракуратура.

Nashaniva.com