У Старых Дарогах памерла 10-гадовая дзяўчынка. Мінздароўя праводзіць праверку

Дзяўчынка паступіла на стацыянарнае лячэнне ў шэсць гадзін вечара 20 жніўня ў здавальняючым стане па накіраванні педыятра. Потым ёй рэзка стала кепска. 

21.08.2024 / 17:13

20 жніўня ў Старых Дарогах у бальніцы памерла дзесяцігадовая дзяўчынка. Вядома, што дзіця а 18:05 шпіталізавалі ў здавальняючым стане. Праз тры гадзіны стан дзяўчынкі рэзка пагоршыўся: яна страціла прытомнасць, у яе спынілася сэрца, піша «Мінская праўда».

Рэанімацыйныя мерапрыемствы не мелі поспеху. У 22:50 дзяўчынка памерла.

Цела дзяўчынкі накіравана на судмедэкспертызу, па выніках якой будзе выстаўлены канчатковы дыягназ.

Сітуацыю пракаментавалі ў галоўным упраўленні па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

— Гэта шок не толькі для бацькоў, але і для медыцынскіх работнікаў установы аховы здароўя, якія аказваюць дапамогу.

Цяпер працуе камісія Міністэрства аховы здароўя і галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама па ацэнцы ўсіх этапаў аказання медыцынскай дапамогі. Праца камісіі знаходзіцца на асабістым кантролі начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама. Мы выказваем спачуванні з нагоды смерці дзіцяці, — сказалі ў галоўным упраўленні па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама.

Nashaniva.com