«Ябацька лейтэнанта Шміта», які вадзіў за нос міліцыю і Саўмін, трапіў у СІЗА

Гэта чалавек літаратурнага нахабства. У 2020 рэцыдывіст Сяргей Аўтуховіч змяніў прозвішча на Заслаўскі, нацягнуў чужы маёрскі кіцель, выняў з прынтара тузін фальшывых грамат і дапоўніў вобраз завучаным «За Бацьку!», чым прымусіў самых уплывовых людзей краіны паціскаць сабе руку і падсаджваць наверх. Маючы ў анамнезе 15 разбояў, ён абярнуўся лектарам у сістэме МУС, даўшы шэраг бенефісаў у правінцыйных РАУСах і нават пару разоў у акадэміях. Яго прамежкавы фінал аказаўся хоць і простым, але таксама хрэстаматыйным. 

22.08.2024 / 08:00

Заслаўскі з намеснікам міністра ўнутраных спраў, генералам Дзмітрыем Карзюком

«Наша Ніва» падрабязна апісвала шлях гэтага чалавека ў шэрагу публікацый. 

Чытайце: Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню

Ябацькі ў шоку. На Акрэсціна адправілі намесніка Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа «Честь» 

Псеўдаспецназавец Заслаўскі-Аўтуховіч пасля адседкі працягвае разводзіць сілавікоў, але ўжо расійскіх

За той час, пакуль яго асобай не цікавіліся журналісты, Аўтуховіч паспеў паставіць з дзясятак новых «рэкордаў кнігі Гінэса», а таксама пару разоў замахнуцца на гранты «ўмацавання патрыятызму». Яму адмовілі. 

Але з 24 ліпеня 2024 Сяргей Аўтуховіч перастаў радаваць сваіх падпісчыкаў у інстаграме аб'ёмамі біцэпсаў. Пасля гэтага дня ён ні разу не з'явіўся ў месенджарах. 

Як расказалі «Нашай Ніве» знаёмыя з сітуацыяй, Сяргей Аўтуховіч знаходзіцца ў СІЗА. Меркавана, яго падазраваюць ва ўчыненні злачынства, якое падпадае пад 431 артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі (дача хабару).

 

Па папярэдняй інфармацыі, Аўтуховічам скарыстаўся нехта з ягоных знаёмых, перадаўшы праз «ябацьку лейтэнанта Шміта» грошы за вырашэнне камерцыйнага пытання. На перадачы той і пагарэў. 

Nashaniva.com