«Я не Месі — я лепшы за яго». Мадрыдскі «Рэал» падпісаў 12-гадовага беларускага футбаліста
Аляксей Маёраў будзе развівацца ў акадэміі аднаго з самых вядомых футбольных клубаў свету.
21.08.2024 / 23:45
Скрыншот
Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў падпісаў кантракт з акадэміяй мадрыдскага «Рэала».
Відэа падпісання кантракту Маёраў апублікаваў у інстаграме з подпісам «Мой новы клуб».
12-гадовы футбаліст стаў першым беларусам, якому ўдалося трапіць у сістэму аднаго з самых вядомых клубаў свету. Крыніцы кажуць, што кантракт Маёрава — ці ледзь не рэкордны для яго ўзросту.
Аляксей — унук вядомага ў мінулым футбаліста мінскага «Дынама» Аляксандра Кісценя.
У свае 12 гадоў ён ужо паспеў павандраваць: спачатку пайшоў у школу мінскага «Дынама», потым займаўся ў «Мінску», затым быў кароткі, але яркі расійскі перыяд у сістэме маскоўскага «Спартака» з сямю забітымі галамі ў двух матчах.
А ўпершыню вундэркінд заявіў пра сябе яшчэ пяць гадоў таму, калі на адкрыцці фан-зоны чэмпіянату свету ў Мінску змог набіць мяч 12 тысяч разоў .
Неўзабаве сям'я вырашыла выбраць для юнага футбаліста еўрапейскі вектар – і пераехала ў Іспанію. Там Аляксей пагуляў у сістэмах «Эспаньёла» і «Серданьёлы», дзе гульца заўважылі скаўты «Барселоны» і «Рэала». У выніку юны беларус апынуўся ў «Каралеўскім клубе». Паведамлялася, што «Рэал» гатовы выкласці за 12-гадовага футбаліста 120 тысяч еўра.
Сам Аляксей — хлопец вельмі амбіцыйны. Пасля аднаго з паспяховых матчаў у Іспаніі да беларуса падышоў журналіст статуснай газеты «Эль Мунда Дэпартыва» і зрабіў яму камплімент: «Слухай, ты проста як Месі!» На што Маёраў адказаў: «Я не Месі, я лепшы за яго».
12-гадовы беларускі футбаліст зрабіў выбар паміж «Рэалам» і «Барселонай»