Трое хлопчыкаў падпальвалі петарды на полі — і спалілі 20 тон саломы

Здарэнне адбылося ўвечары 21 жніўня паблізу вёскі Вялікая Каралеўка Горацкага раёна.

22.08.2024 / 10:05

Скрыншот відэа МНС

Трое падлеткаў падпальвалі петарды на полі побач з цюкамі саломы. Паколькі ў хлопцаў не было дастаткова запалак, яны вырашылі развесці вогнішча, каб падтрымаць агонь, паведамляе МНС

Полымя імгненна перакінулася на салому. Хлопчыкі паспрабавалі патушыць агонь, але іх намаганні апынуліся беспаспяховымі. Яны пабеглі дадому і паведамілі дарослым пра здарэнне.

Дзядуля аднаго з хлопцаў патэлефанаваў у МНС і паведаміў пра пажар. Ратавальнікі прыбылі на месца здарэння і ліквідавалі ўзгаранне. У выніку пажару было знішчана 20 тон саломы, аднак удалося выратаваць яшчэ 20 тон. Пацярпелых няма.

Nashaniva.com