Кветкавая крама пасадзіла памідоры на вуліцы. Ураджай скралі проста з-пад камер відэаназірання

Гісторыя адбылася ў самым цэнтры Мінска.

22.08.2024 / 12:52

Ёю падзялілася ў сваім тыктоку фларыстка з невялікай сталічнай кветкавай крамы, якая знаходзіцца недалёка ад плошчы Перамогі. 

Увесну супрацоўнікі высадзілі на зялёнай зоне перад уваходам у краму інтэрактыўную клумбу з памідорамі, перцамі, клубніцамі, базілікам. 

Як адзначае дзяўчына, яны і мінакі ўсё лета атрымлівалі асалоду ад таго, што назіралі як паспявае ўраджай у цэнтры горада. 

У першы дзень працы пасля адпачынку дзяўчына зрабіла, як аказалася, апошняе фота сваіх прыгожых чырвоных памідораў. 

Камеры відэаназірання, усталяваныя на ўваходзе ў краму, зафіксавалі, як уначы прыйшла збіраць ураджай невядомая жанчына. Яна не проста пачаставалася адным памідорам, але абабралася ўвесь куст.

Камера відэаназірання зняла, як жанчына ўначы абабрала ўвесь куст. Скрыншот тыктока

Каментатары абурыліся паводзінамі жанчыны. «Найлепшае савецкае выхаванне!». Жанчыну прысаромілі тым, што таматы каштуюць капейкі, а яна, мяркуючы па выглядзе, яўна не галодная. «Прыкол, відаць, у тым, каб сперці».

На наступны год краме параілі пасадзіць самыя вострыя перцы і паставіць таблічку «Асцярожна, апрацавана!», каб адпудзіць зладзюжак. Што праўда, да прапановы паставіліся скептычна: «Сп*здзяць і таблічку».

Nashaniva.com